Літаратурныя абразкі Анастасіі Забелінай
Доўга жыла ў бабулi Берта. Колькi сябе памятаю, Берта першай сустракала нас на падворку. А добра яе памятаю таму, што заўсёды баялася. Як наляцiць Берта, як забрэша! Ух, і жаху навядзе! Малая была, а грозная такая, нiчога не баялася i нiкога.
Наша Берта — гэта маленькi кудлаты сабачка, у якога вачэй не было вiдаць з-за доўгай поўсці. Калi яна была навязана, не верылася, што такое маленькае стварэнне можа цягаць такi вялікi ланцуг. Бабуля любiла Берту i надта яе шкадавала, а таму кожны вечар спускала з ланцуга. Берта таксама любiла бабулю i была ёй вельмi адданая. Не знайсці лепшай вартаўнiцы за нашу Берту.
Аднойчы вечарам, калi ўжо пачало змяркацца, бабуля спусцiла Берту з ланцуга i пайшла па сваіх справах. Толькi яна сабралася даiць карову, як пачула брэх. Вырашыла, што Берта з іншымi сабакамi звычайную пераклiчку пачала, бо так позна да бабулі рэдка хто прыходзiў. Тым часам, брэх станавiўся ўсё больш гучным. Зноў бабуля прыпынiлася: а можа хто i прыйшоў, нягледзячы на позні час. Вырашыла-такі праверыць, бо ведала люты нораў сваёй Берты. Толькi ўзнялася — брэх сціх. Пастаяла, паслухала. Ужо сабралася прадоўжыць работу, як пачула чалавечы крык, поўны адчаю i роспачы.
Бабуля куляй вылецела на надворак, дзе ўбачыла нечаканую сцэну: на адной назе скакаў вясковы паштальён, а за другую ўхапiлася Берта i злосна драла калашыну. Ад убачанага бабуля крыху збянтэжылася i не адразу адрэагавала на надзвычайную сітуацыю. Калi крыху адышла, пачала сварыцца на Берту. Прыйшоў час здзівіцца сабаку. Берта ў нерашучасцi адпусцiла ўжо амаль да калена адарваную калашыну і глядзела то на бабулю, то на позняга візіцёра, не разумеючы, што яна зрабiла не так.
Як потым расказаў паштальён, пасля работы ён вярнуўся дахаты. Толькі пачаў распранацца, намацаў у кiшэнi пісьмо для Надзеi Пятроўны. Вырашыў занесцi яго адразу ж: што, як у пісьме важныя навіны, гэта ж не часопiсы або газеты, якiя ён звычайна разносiць па вёсцы, ды і пасля ўваходу ў моду мабiльных тэлефонаў пісьмы прыходзяць нячаста. Пачуўшы Берту на падыходзе да веснічкаў, паштальён самаўпэўнена падумаў, што нiчога яму такi маленькi сабачка зрабіць не можа, пабрэша крыху — i ўсё. Не здагадваўся візіцёр, што Берта — лепшая вартаўнiца на ўсю вёску. Адчыніў веснічкі і накiраваўся ў хату, каб аддаць пісьмо асабiста ў рукi Надзеі Пятроўне. Берта тым часам убачыла, што ў пустую хату iдзе незнаёмы чалавек, вырашыла нiякiм чынам гэтага не дапусцiць. Стамiўшыся папярэджваць нечаканага госця брэхам, яна пайшла на рашучыя меры. Тут якраз i падаспела бабуля. Аддаўшы нарэшце пісьмо, паштальён хуценька рэціраваўся. З таго часу ён ужо нiколi не забываўся пра пісьмы да бабулi, заўсёды прыносiў ёй iх у першую чаргу. Вось як перавыхавала наша Берта вясковага паштальёна.
Анастасія Забеліна