“Санкцыйны” груз

Падзеі

У маі 2017 года ў Слонімскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў паступіла інфармацыя аб тым, што ў горад Мінск з-за мяжы дастаўлена больш за 20 тон таматаў коштам звыш 25000 долараў, якія прызначаліся для наступнага вывазу з тэрыторыі рэспублікі і дастаўкі на адзін з аптовых прадуктовых рынкаў у горадзе Маскве Расійскай Федэрацыі.

З дакументаў вынікала, што аўтамабіль прыбыў на адрас мінскай фірмы з Літвы (горад Каўнас), дзе і былі загружаны таматы, краінай паходжання якіх была названа заходнеафрыканская Гвінея. У пацвярджэнне гэтага мелася і маркіроўка, нанесеная на кардонныя скрынкі і палеты з таматамі. Па прыбыцці ў горад Мінск на ўказаны тавар быў аформлены беларускі пакет дакументаў на адпраўку ўжо ад мінскай фірмы на адрас расійскага пакупніка.

Аднак тут узнікла пытанне: чаму даты фактычнага выезду перавозчыка па груз і дата загрузкі, названыя ў дакументах, адрозніваюцца на некалькі дзён? І чаму перавозчык выехаў пустым у Польшчу, а затым апынуўся ў Літве, дзе, паводле дакументаў, і адбывалася загрузка таматамі.

Адказ аказаўся просты. Заказчык грузаперавозкі ў асобе грамадзяніна Расійскай Федэрацыі ад моманту размяшчэння заяўкі на грузаперавозкі кантраляваў увесь ход здзелкі і маршрут аўтацягніка. Па яго загадзе аўтамабіль першапачаткова прыбыў у адзін з населеных пунктаў Польшчы, дзе на тэрыторыі вялікага аптовага склада польскай фірмы-прадаўца і была праведзена загрузка таматамі.

Пры гэтым кардонныя скрынкі, а таксама палеты, на якіх знаходзіўся груз, якой-небудзь маркіроўкі аб яго польскім паходжанні не ўтрымлівалі. У далейшым, па загадзе расійскага заказчыка, груз прайшоў у горад Каўнас, прычым, на падставе сапраўдных дакументаў, у якіх адпраўніком была пазначана польская фірма.
У горадзе Каўнасе ўвесь груз быў выгружаны на тэрыторыі аднаго са складоў і прамаркіраваны біркамі, згодна з якімі краінай яго паходжання з’яўлялася ўжо не Польшча, а заходнеафрыканская Гвінея. Польскі пакет дакументаў “знік”, а далейшая перавозка ўжо ў нашу рэспубліку ажыццяўлялася на падставе новых дакументаў на груз, аформленых у Літве, якія ўключаюць фітасанітарны сертыфікат заходнеафрыканскай Гвінеі. На падставе яго груз з Беларусі спакойна мог накіроўвацца ў Расію, паколькі яго сапраўднае паходжанне з краіны “санкцыйнага” спісу было спрытна завуаліравана, як і кошт грузу, які чамусьці адразу ж знізіўся ў некалькі разоў.

Высвятленне гэтых абставінаў дазволіла фінансавай міліцыі кваліфікаваць дзеянні расійскага заказчыка і фактычнага ўласніка грузу як адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае ч. 4 арт 12.17 КоАП Рэспублікі Беларусь. Гэта прадугледжвае адказнасць за здзяйсненне здзелак на падставе першасных уліковых дакументаў, якія змяшчаюць недакладныя звесткі, за што эканамічным судом Мінскай вобласці прадпрыемства прыцягнута да адказнасці ў выглядзе штрафу з канфіскацыяй грузу. “Санкцыйныя” польскія таматы, якія прыбылі ў нашу рэспубліку пад выглядам заходнегвінейскіх, фінансавай міліцыяй былі арыштаваны.

Даследаванне таматаў пацвердзіла іх выдатныя спажывецкія якасці, іх рэалізацы ў рознічнай гандлёвай сетцы рэспублікі заняла некалькі дзён. Цяпер слонімская фінансавая міліцыя пачынае праверку беларускай фірмы-пасрэдніка па гэтых жа фактах, якой таксама пагражае адміністрацыйная адказнасць з магчымасцю канфіскацыі кошту прадмета здзелкі.

Калі вы сутыкнуліся з неправамернымі дзеяннямі суб’ектаў гаспадарання пры рэалізацыі тавараў, работ, паслугаў, а таксама валодаеце звесткамі аб ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ухіленні ад выплаты падаткаў, парушэнні заканадаўства аб банкруцтве, незаконных валютна-абменных аперацыях, Слонімскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў гатовы разгледзець адпаведную інфармацыю з прымяненнем да парушальнікаў самых строгіх мераў адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Ананімнасць гарантуем. Нашы тэлефоны і кантактныя дадзеныя: 8-01562-64-3-80, 64-3-81, 64-3-82, г. Слонім, вул. Горкага, 22.

С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *