Рэйд па аб’ектах жніва

Здарэнні і бяспека

Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях разам з карэспандэнтам газеты «Перамога» правялі рэйд па аб’ектах сёлетняга жніва.

Спачатку выехалі на поле КСУП “Хвінявічы” каля вёскі Дзям’янавічы, дзе працавалі шэсць камбайнаў. Інспектары праверылі забяспечанасць камбайнаў пярвічнымі сродкамі пажаратушэння – у наяўнасці было ўсё неабходнае: вогнетушыцелі, супрацьпажарныя палотнішчы, штыкавыя рыдлёўкі, швабры. Праверылі пасведчанні ў камбайнераў. Месца для курэння на полі было абсталявана па ўсіх правілах, недакуркаў у кабінах камбайнаў не было.

Цікавіліся ў час праверкі тэхнікаю для пажаратушэння, якая павінна знаходзіцца на полі. Трактар з цыстэрнай вады быў. Далі ўводную, што “хтосьці кінуў недакурак на ржышча, адбылося ўзгаранне”. Трактар зараз жа накіраваўся на тушэнне пажару. Не адразу была пададзена вада, але літаральна за хвіліну работнікі выправіліся і ўмоўнае ўзгаранне было ліквідавана, выкананне нарматыву было залічана.

Кожнае наведванне пажарнай службай складаецца не толькі з праверкі, але і інструктажу, і гэты раз не стаў выключэннем. Работнікам яшчэ раз нагадалі правілы пажарнай бяспекі на жніве і іх дзеянні ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Не падвялі веды і аператараў збожжасушыльных комплексаў КСУП “Хвінявічы”, куды пасля накіравалася рэйдавая група. Аператары паказалі валоданне сітуацыяй і правільныя дзеянні ў пазаштатнай сітуацыі. Інспектары праверылі кабіны, у якіх працуюць аператары сушылак, асаблівую ўвагу надалі адзнакам і запісам у журналах уліку тэмпературы.

Што датычыцца месцаў для курэння на тэрыторыі комплексаў – таксама парушэнняў выяўлена не было. Супрацьпажарныя шчыты ўкамплектаваны адпаведна патрабаванням супрацьпажарнай бяспекі.

Яшчэ адна гаспадарка стала месцам наведвання ратаўнікоў – КСУП “Дварэц-Агра”. Былі правераны два збожжасушыльныя комплексы. Тут у інспекцыі таксама не было сур’ёзных заўвагаў: укамплектаваныя пажарныя шчыты з афарбаваным у чырвоны колер інвентаром; належным чынам запоўненыя журналы ўліку тэмпературы ва ўстаноўцы, журналы прыёму-здачы змены; чыстая, без недакуркаў і запалак тэрыторыя комплекса (на тое ёсць абсталяваныя месцы для курэння). Інспектары нагадалі адказным асобам, што ўсе пярвічныя сродкі пажаратушэння на шчыце і ваду ў ёмістасці, прызначаную для ліквідацыі ўзгарання, нельга выкарыстоўваць для іншых патрэбаў – мыцця тэхнікі, гаспадарчых работ.

На збожжасушыльным комплексе, які працуе на цвёрдых відах паліва, інспектары надалі ўвагу месцам захоўвання дроваў. Было адзначана, што аб’ём запасаў дроваў не павінен перавышаць сутачную норму (на дадзеным комплексе правіла выконваецца), паколькі ў выпадку ўзгарання цвёрдае паліва стане дадатковай гаручай загрузкай і ўскладніць працэс ліквідацыі пажару.

Наведала рэйдавая група і поле КСУП “Дварэц-Агра” каля вёскі Кажухоўцы, дзе працавалі пяць камбайнаў. Уся неабходная тэхніка для пажаратушэння на полі была, з “уводнай” вадзіцелі справіліся на выдатна. Як і ў КСУП “Хвінявічы”, праверылі наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння ў камбайнах, веды работнікаў, якія працуюць на жніве. Заўвагаў не было.

Па меркаванні інспектара Сяргея Новіка, адсутнасць нараканняў да арганізацыі пажарнай бяспекі – гэта паказчык належнай работы кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак.

Выезды пажарных інспектараў праводзяцца штодзённа ва ўсе гаспадаркі раёна. Таксама ратаўнікі кантралююць сітуацыю на вадаёмах, тарфяных палях, у лясных масівах.

І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *