«Праметэй» — летнік у маляўнічым куточку

Падзеі

На Гродзеншчыне ў час летніх канікулаў працуюць аздараўленчыя летнікі з кругласутачным знаходжаннем на базе ўстановаў адукацыі, якія знаходзяцца ў маляўнічых мясцінах. Гэты праект, апрабаваны летась, меў поспех і быў адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Сёлета на Дзятлаўшчыне такія летнікі ў розныя змены працуюць у Гезгалах, Жукоўшчыне, Хвінявічах.

З 26 ліпеня на базе Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы працаваў раённы дзевяцідзённы профільны аздараўленчы кругласутачны летнік «Праметэй» патрыятычна-прававой прафарыентацыйнай накіраванасці. Там адпачывалі і пашыралі свае веды ў прававой галіне 25 навучэнцаў установаў адукацыі нашага раёна.

Змена «Праметэя» была значна карацейшая за звычайную: усяго 9 дзён, аднак кожны з іх стаў яркім, запамінальным, багатым на падзеі і цікавыя экскурсіі. Нягледзячы на тое, што ўрокі па профілях не праводзіліся, з дапамогай разнастайных мерапрыемстваў школьнікі даведаліся шмат карыснай інфармацыі, пашырылі свой кругагляд, пасябравалі, назапасілі важкі багаж прыемных уражанняў. У ліку яркіх момантаў змены — пазнавальная праграма «Юны ратаўнік» з дэманстрацыяй пажарнай тэхнікі і амуніцыі, экскурсіі ў раённы аддзел міліцыі, у суд, наведванне кінатэатра «Спадарожнік» з праглядам кінастужкі ў 3D-фармаце, турнір па футболе «Скураны мяч», паездка ў лётную часць горада Ліды, квэст-гульня «Востраў скарбаў» і, вядома, дзень развітання з летнікам — «Я не забуду гэта лета».

Дарэчы, на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ёсць дзённік летніка «Праметэй», дзе змешчаны фотаздымкі і апісанне кожнага дня змены. А з карэспандэнткай газеты сваімі ўражаннямі пра адпачынак падзяліліся наведвальнікі «Праметэя».

Лізавета Глушкевіч (сярэдняя школа №3 горада Дзятлава):

— Раней я адпачывала ў «Баравічку», школьным летніку з дзённым знаходжаннем. У «Праметэі» мне таксама спадабалася: было шмат віктарынаў, конкурсаў, экскурсій. Нас смачна кармілі, асабліва спадабалася піца. Кожны вечар для нас ладзіліся дыскатэкі. Я сустрэла тут шмат сяброў. Калі будзе такая магчымасць, то і на наступнае лета хачу адпачыць у падобным летніку.

Дар’я Барынава (Лявонавіцкі дзіцячы сад-базавая школа):

— Я — камандзір атрада «Праметэй». Сачыла за дысцыплінай і парадкам у пакоях. Мне спадабалася, што летнік быў профільны, мы тут не толькі адпачылі, а і даведаліся шмат пра законы, якія тычацца падлеткаў. Займаліся і іншымі карыснымі справамі, напрыклад, дапамагалі бабулям, прыносілі ім ваду, дровы, палолі агарод. Вельмі спадабалася квэст-гульня, калі шукалі адказы на пытанні і хадзілі па маршруце.

Карына Тадарэнка (Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа):

— Летнік з кругласутачным знаходжаннем мне падабаецца больш, чым з дзённым. Тут у мяне было шмат сябровак, з якімі нават перад сном маглі крыху паразмаўляць. Вядома, сумавала па родных, але яны кожны вечар наведвалі мяне. Нам тут было вельмі цікава, нас выдатна кармілі — давалі ёгурты, зефір, салаты, вітаміны, але мне больш за ўсё падабаліся аладкі з варэннем. Сярод паездак найбольш уразіла, калі ў дзятлаўскім кінатэатры ў 3D-фармаце глядзелі кінастужку «Фантастычныя істоты і дзе яны жывуць».

Наступным летам абавязкова згаджуся, калі прапануюць адпачыць у такім летніку.

І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *