Нашчадкі Ігната Дамейкі наведалі Дзятлаўшчыну (абноўлена)

Падзеі

31 ліпеня споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі, сусветна вядомага вучонага, грамадскага дзеяча, геолага, географа,  педагога, рэфарматара адукацыі, нацыянальнага героя Чылі, ганаровага члена многіх навуковых таварыстваў.

Да гэтай даты была прымеркавана Міжнародная навуковая канферэнцыя “Геалогія і мінеральна-сыравінныя рэсурсы захаду Усходне-Еўрапейскай платформы: праблемы вывучэння і рацыянальнага выкарыстання”, якая праходзіла з 31 ліпеня па 3 жніўня ў Беларусі. У мерапрыемстве прымалі удзел каля 400 чалавек, у тым ліку каля 70 замежных вучоных, а таксама нашчадкі Ігната Дамейкі з Польшчы, ЗША, Чылі, Аўстраліі.

На канферэнцыі, якую зладзіў Інстытут прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, навукоўцы абмеркавалі праблемы вывучэння і рацыянальнага выкарыстання мінеральна-сыравінных рэсурсаў, пытанні ўстойлівага развіцця Беларусі і сумежных дзяржаваў на падставе эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Таксама ў рамках Міжнароднай канферэнцыі прадугледжаны экскурсіі на малую радзіму Ігната Дамейкі і па мясцінах, звязаных з яго імем.

3 жніўня шаноўных гасцей, сярод якіх былі і нашчадкі Ігната Дамейкі, гасцінна прымала Дзятлаўшчына. На мяжы раёна, за Харашкамі, удзельнікаў тура сустрэў хлебам-соллю і песнямі ансамбль народнай песні “Ятранка”.

Затым госці наведалі касцёлы ў Дварцы і Дзятлаве, пазнаёміліся з іх архітэктурай і гісторыяй.

Далей шлях ляжаў да Жыбуртоўшчыны, дзе гасцей павітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік і цяперашні ўласнік сядзібы Канстанцін Шуляк з сям’ёй. Нашчадкі Дамейкі – яго праўнучка Пас Дамейка з Аўстраліі, яшчэ адзін праўнук з Чылі Мігель Дамейка, пляменнік Пас Дамейка – Мігель,  яе сястра Сесіль і сяброўка Ліліянет з ЗША мелі магчымасць пабачыць мясціны, дзе некаторы час жыў Ігнат Дамейка, зрабіць памятныя фотаздымкі.

Экскурсійная праграма прадугледжвала наведванне памятных мясцін у Навагрудскім, Карэліцкім, Лідскім, Шчучынскім раёнах. Удзельнікі тура пабылі таксама ў  Мядзвядцы (цяпер Карэліцкі раён), дзе нарадзіўся Ігнат Дамейка, у Заполлі на Лідчыне, дзе гаспадарыў, у Шчучыне, дзе вучыўся будучы сусветна вядомы навуковец.

І. Міхайлоўская

Фота Б. Варны  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *