Наркотыкі — не забава

Здарэнні і бяспека

Наркаманія — сусветная сацыяльная праблема. Яна прыводзіць чалавека да дэградацыі, разбурэння асобы, хваробаў і нават смерці. Наркаманы, у асноўным, вядуць крымінальны лад жыцця, ад чаго павялічваецца злачыннасць. Шкода наркаманіі выяўляецца і ў тым, што да гэтай хваробы схільныя маладыя людзі. Наркаманія падрывае здароўе будучых пакаленняў і можа прывесці да хуткага старэння грамадства. З распаўсюджваннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў вядуць барацьбу розныя сілавыя і грамадскія структуры.

У Беларусі за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў надыходзіць крымінальная адказнасць па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса з пазбаўленнем волі да 25 гадоў і з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. Адказнасць па гэтым артыкуле чалавек нясе з 16-гадовага ўзросту, а ў выпадку збыту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў — з 14-гадовага ўзросту.
За крадзеж наркотыкаў ці псіхатропаў прадугледжана адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. Той, хто вырошчвае забароненыя грыбы і расліны для наступнага збыту, таксама рызыкуе паплаціцца свабодай да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі (арт. 329 Крымінальнага кодэкса), а гаспадару або арганізатару прытона для спажывання наркатычных сродкаў пагражае пазбаўленне волі да 7 гадоў са штрафам (арт. 332 Крымінальнага кодэкса).

Праблема наркаманіі актуальная і для Дзятлаўскага раёна, дзе за 6 месяцаў 2017 года па лініі наркакантролю выяўлены 2 злачынствы, якія звязаны са збытам наркотыкаў і псіхатропаў. Адно са злачынстваў і цяпер застаецца не раскрытым.

Цяпер на тэрыторыі раёна для таго, каб спыніць распаўсюджванне раслінных наркотыкаў, з 1 чэрвеня па 15 верасня праводзіцца спецыяльная праграма «Мак». У рамках гэтай праграмы знішчаны 1159,53 кілаграма расліннай сыравіны, з іх — 1106,4 кілаграма дзікарослага маку, 52,13 кілаграма алейнага маку, 1 кілаграм канопляў. Складзены 6 адміністрацыйных пратаколаў за вырошчванне маку і канапель. Па артыкуле 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі за гэта прадугледжаны штраф да 20 базавых велічыняў.

Пераканаўчая просьба: калі вам што-небудзь вядома пра асобаў, якія займаюцца вырошчваннем і (або) збытам нарказмяшчальных культур, іншых відаў наркотыкаў, псіхатропаў ці пра асобаў, якія іх набываюць, не заставайцеся абыякавымі да гэтага і звяртайцеся па тэлефонах 102 альбо 2-15-34. Ананімнасць гарантуецца.

У. БАРОЎСКІ,
оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *