Аналіз злачынстваў, учыненых асобамі з судзімасцю на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, паказаў, што адной са значных прычын, якія спрыяюць рэцыдыўнай злачыннасці, з’яўляецца адсутнасць у такіх людзей карыснай занятасці. Таму важнай мерай прафілактыкі рэцыдыўных злачынстваў з’яўляецца працаўладкаванне асобаў, якія маюць судзімасць.
Для аказання дзейснай дапамогі ў працаўладкаванні і недапушчэння новых злачынстваў у зале пасяджэнняў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама ў ліпені ладзіліся акцыі «Не ўпусці свой шанц» і «Благавест». На іх былі запрошаны грамадзяне з нязнятай і непагашанай судзімасцю, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама. З імі сустрэліся прадстаўнікі пракуратуры, суда, аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна, спецыялісты раённага выканаўчага камітэта, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, наймальнікі.
У час акцый былі разгледжаны паводзіны адзінаццаці асобаў, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама і нідзе не працуюць. Двое з іх па выніках размовы працаўладкаваны ў арганізацыі раёна.
Напрыканцы сустрэчы ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула выступіў з прамовай, у якой нагадаў прысутным аб духоўных і маральных каштоўнасцях, заклікаў задумацца над сваім жыццём, пажадаў божай дапамогі.
В. ІНДУРА,
інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама