Вакол нас шмат выдатных, вядомых людзей. Аб некаторых з іх здымаюць фільмы, пішуць кнігі і нават складаюць легенды. Гэта людзі, прафесіі або род заняткаў, якіх звязаны з космасам, навукай, палітыкай, грамадскай дзейнасцю, культурай. Але колькі яшчэ тых, хто жыве побач з намі, чыя праца таксама каштоўная, але незаўважная. Ці шмат мы ведаем пра іх? Як вядома, гісторыю ствараюць людзі. Гісторыю раёна пішуць яго знакамітыя людзі.
У рамках абласнога праекта “Наша культурная спадчына” ў Дзятлаўскім раёне з 12 па 18 чэрвеня 2017 года прайшоў тыдзень мерапрыемстваў пад тэматычнай назвай “Знакамітыя землякі”, прысвечаны жыццю і творчасці знакамітых землякоў раёна. Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеем з 14 чэрвеня 2017 года была арганізавана выстава з фондаў музея “З любоўю да мастацтва”, якая прысвечана 115-гадоваму юбілею разьбяра па дрэве Уладзіміра Іосіфавіча Мацюка і 80-гадоваму юбілею доктара, паэта Яўгена Аляксеевіча Мацвеева. Выстава доўжыцца да 13 ліпеня 2017 года.
25 чэрвеня 2017 года споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння беларускага самадзейнага разьбяра па дрэве Уладзіміра Іосіфавіча Мацюка.
Нарадзіўся Уладзімір Іосіфавіч ў 1902 годзе ў Беластоку ў сям’і фельчара. Бацька, Осіп Мікалаевіч, быў родам з сялян вёскі Гернікі, дзе ў дзяцінстве падоўгу жыў Валодзя ў родных. Маці, Людміла Аляксандраўна, са збяднелага дваранскага роду Анціпоравічаў, якія жылі ў Нарэўцы каля Беластока. У сям’і было пяцёра дзяцей, Валодзя быў трэцім дзіцём.
У пачатку Першай сусветнай вайны Людміла Аляксандраўна з дзецьмі разам з сем’ямі іншых служачых з Беластока эвакуіравалася ў Калугу. Бацька быў дэмабілізаваны эпідэмічным фельчарам у Балцкую земскую бальніцу Падольскай губерні, якая знаходзілася каля лініі фронту. У 1916 годзе ён захварэў на тыф, вярнуўся ў Калугу і там памёр. Клопат аб дзецях лёг на плечы маці.
Два сыны пагодкі — Уладзімір і Аляксандр з ранняга ўзросту выявілі схільнасць да малявання. Лепшым падарункам заўсёды былі пэндзлі і фарбы. Валодзя наведваў гурток выяўленчага мастацтва. Для выставы ў гуртку ён упершыню выразаў з дрэва фігурку хлопчыка, які кідае камень. Вярнуўся ж да разьбы па дрэве толькі праз шмат гадоў.
У 1919 годзе Валодзя запісаўся на завочныя курсы пры Мастацкай акадэміі. У 1921 годзе ён скончыў Калужскую 6-ю савецкую адзіную працоўную школу і быў прызваны на гадавыя чырвонаармейскія курсы ў Калузе.
Ішла грамадзянская вайна. Жыць станавілася ўсё цяжэй. Сям’я вырашыла вярнуцца ў Гернікі. З 1922 года Уладзімір Іосіфавіч жыў у Дзятлаве, дзе і ажаніўся на Яўгеніі Ісаакаўне Развазскай. У 1925-1927 гадах быў прызваны на службу ў польскую армію.
Каб забяспечыць сям’ю, прыходзілася працаваць маляром. Аб тым, каб дзе-небудзь вучыцца, не магло быць і гаворкі. Заставалася самаадукацыя. У другой палове 1930-х гадоў удалося купіць маленькі ўчастак зямлі па вуліцы Чырвонаармейскай і пабудаваць свой дом.
З 1940 года пачаў займацца разьбой па дрэве. У 1941 годзе ім была створана першая драўляная скульптура – барэльеф “Жах”, на якім намаляваны твар жанчыны, поўны болю і страху, а рукі быццам адштурхваюць штосці ад сябе. Менавіта ў час вайны Уладзімір Іосіфавіч пачаў выразаць драўляную скульптуру. Любімы матэрыял – мораны дуб, а тэмы выключна мірныя: жанчына з дзіцём на руках, каваль ля накавальні, людзі, якія танцуюць.
Пасля вызвалення пачынаецца новы перыяд у жыцці Уладзіміра Іосіфавіча. З 1944 па 1946 гады ён працаваў служачым у ваенкамаце, а ў 1947 годзе быў прыняты ў раённы Дом культуры мастацкім кіраўніком.
З дзіцячых гадоў другім вялікім захапленнем у жыцці Уладзіміра Іосіфавіча быў тэатр. Ён удзельнічаў у школьных тэатральных пастаноўках у Калузе, потым у аматарскіх спектаклях у Дзятлаве.
Драматычны гурток Дзятлаўскага дома культуры пад яго кіраўніцтвам дасягнуў вялікіх поспехаў. У 1952 годзе яго спектакль “Паўлінка” заняў першае месца на абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці і быў паказаны ў Мінску. Уладзімір Іосіфавіч быў рэжысёрам, акцёрам, мастаком, прыдумваў афармленне спектакляў, дапамагаў у выбары грыма, рабіў эскізы касцюмаў.
Але галоўным захапленнем усё ж заставалася разьба па дрэве. У лістападзе 1945 года яго работы “Начное”, “З данясеннем”, “Дудар” упершыню былі паказаны на Усебеларускай выставе майстроў народнай творчасці ў Мінску.
У далейшым ён рэгулярна ўдзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах, атрымліваў прэміі па скульптуры за свае работы.
У жніўні 1949 года Уладзімір Іосіфавіч быў выкліканы ў Баранавічы з работамі і інструментамі для разьбы па дрэве для ўдзелу ў здымках фільма да Дня ўз’яднання Беларусі.
У 1959 годзе ён быў прыняты членам Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі пры Рэспубліканскім доме народнай творчасці. Лаўрэатамі рэспубліканскай і ўсесаюзнай выставаў 1967 года сталі яго работы “У дазоры”, “На выгане”.
У 1970 годзе Уладзімір Іосіфавіч пайшаў на пенсію. Выразаў больш для сябе. Тады ж пачаў займацца разьбой па косці. За некалькі гадоў да смерці Майстар амаль аслеп і не мог больш працаваць. Памёр ён 24 лістапада 1989 года.
Уладзімір Іосіфавіч Мацюк быў прызнаным майстрам народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У яго творчасці дамінавалі дзьве тэмы: барацьба народа з фашызмам і малюнак сельскай працы, побыту, вёскі.
Работы Уладзіміра Іосіфавіча Мацюка знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі этнаграфіі народаў СССР у Санкт-Пецярбургу, музеях Рэспублікі Беларусь.
Д. ХАРОШКА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея