Яго тэма: “Сацыякультурная палітыка беларускай дзяржавы – ключавы фактар мацавання адзінства нацыі”.
Шэсць раённых інфармацыйна-прапагандысцкіх груп наведалі працоўныя калектывы. Інфармацыйная група старшыні райвыканкама А. Дубовіка сустрэлася на мехдвары ў Круцілавічах з працоўным калектывам ААТ “Граніт-Агра”.
Па названай тэме перад прысутнымі выступіла начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Калодка. У прыватнасці, яна адзначыла, што гарантыяй захавання духоўнага здароўя і дабрабыту нацыі з’яўляецца яе згуртаванасць вакол сапраўдных, нятленных у часе, стваральных каштоўнасцяў. Неацэнны ўклад у сусветную духоўную скарбніцу ўнеслі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Францыск Скарына, Пётр Мсціславец, Ілья Капіевіч, Сімяон Полацкі. Беларуская зямля дала свету выдатных паэтаў і пісьменнікаў Міколу Гусоўскага, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлю, Элізу Ажэшка, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулю, Якуба Коласа, Янку Купалу. Аўтарамі выбітных твораў музычнага і выяўленчага мастацтва сталі Напалеон Орда, Міхал Клеафас Агінскі, Хаім Суцін, Іван Хруцкі, Марк Шагал. Вызначыліся навукова-даследчай дзейнасцю на розных кантынентах ураджэнцы Беларусі Ігнат Дамейка (нацыянальны герой Чылі), Іван Чэрскі (даследчык Сібіры), Ян Віткевіч (даследчык Усходу), Отта Шмідт (палярны даследчык).
Асноўныя кірункі развіцця нацыянальнай культуры вызначаены Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Рэалізуецца Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі”, разлічаная на 2016-2020 гады. У 2015-2016 гадах доля расходаў на культуру складала 0,39-0,4 працэнта ад валавога унутранага прадукта (ВУП) Рэспублікі Беларусь. Планавыя асігнаванні 2017 года не перавышаюць 0,4 ВУП, што складае 425,6 мільёна рублёў.
У Дзятлаўскім раёне доля расходаў на культуру ў агульным аб’ёме расходаў кансалідаванага бюджэту ў 2015 годзе склала 5,3 працэнта, у 2016 – 4 працэнты, прагноз на 2017 – 4 працэнты. Пазабюджэтныя (уласныя) даходы арганізацый культуры ў 2016 годзе выраслі на 16,1 працэнта (17,9 тысячы рублёў) да 2015 года. Тэмп росту за першае паўгоддзе 2017-га склаў 102,5 працэнта.
У Беларусі працуюць 424 дзіцячыя школы мастацтваў, 21 установа сярэдняй спецыяльнай і 3 установы вышэйшай адукацыі ў сферы культуры.
У дзіцячых школах мастацтваў Дзятлаўскага раёна навучаюцца 500 чалавек, што складае 23 працэнты ад усёй колькасці вучняў 1-9 класаў.
У Беларусі штогод праходзіць каля 60 міжнародных, нацыянальных і рэгіянальных фестываляў. Захаванню духоўнай спадчыны садзейнічае штогадовае нацыянальнае свята беларускай пісьменнасці, сёлета яно пройдзе ў Полацку. Пяць стагоддзяў таму вялікі беларус з Полацка Францыск Скарына надрукаваў “Псалтыр”, і ў 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню.
У Дзятлаўскім раёне брэндавым стаў культурны праект “Дбайных людзей славім – весела час бавім”. Уваходзяць у традыцыю рэгіянальны конкурс беларускай творчасці “Лянок”, фестываль-карнавал роставых лялек “Дасканалы свет казкі”.
Актыўна пашыраецца ўжыванне беларускай мовы ў тэле- і радыёэфіры. Вяшчанне Першага канала Беларускага радыё, радыёканала “Культура” і радыёстанцыі “Сталіца” адбываецца на беларускай мове.
У Беларусі налічваецца 1419 беларускамоўных сярэдніх школ і гімназій. Усяго ў нашай краіне навучаюцца на беларускай мове звыш 128 тысяч школьнікаў (з улікам беларускамоўных класаў у іншых навучальных установах).
У Дзятлаўскім раёне 9 з 15 установаў адукацыі з беларускай мовай навучання. У заключным этапе XXXIII рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове ўдзельнічала навучэнка Дзятлаўскай гімназіі Марыя Каско.
У сістэме Міністэрства культуры Беларусі налічваецца 151 музей. Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей за першае паўгоддзе 2017 года наведалі 4400 чалавек. Колькасць бясплатных наведвальнікаў склала 17,9 працэнта (у 2016 годзе – 14 працэнтаў). Работнікі музея правялі 182 экскурсіі, музейны фонд павялічыўся на 79 адзінак асноўнага фонду.
У Беларусі дзейнічаюць 2,7 тысячы публічных бібліятэк, іх кніжны фонд складае 57,8 мільёна экземпляраў кніг, камп’ютыразаваны 83 працэнты бібліятэк. У Дзятлаўскім раёне ўсе 14 бібліятэк камп’ютарызаваны, падключаны да Інтэрнэта. Маланаселеныя паселішчы раёна абслугоўвае бібліобус.
У нашай краіне дзейнічаюць больш за 24 тысячы клубных фарміраванняў. У Дзятлаўскім раёне на базе ўстановаў культуры працуюць больш за 150 клубных фарміраванняў. 16 калектываў маюць званні “народны”, “узорны”. Дзейнічаюць тры аўтэнтычныя калектывы.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключаны больш за 5,5 тысячы аб’ектаў спадчыны. Па Дзятлаўскім раёне ў Дзяржаўны спіс уключаны 36 аб’ектаў. Абрад “Юр’е” вёскі Ахонава ў 2009 годзе ўключаны ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
“У беларускага народа выдатныя літаратура, музыка, жывапіс, архітэктура, якія нас жывяць і якімі мы захапляемся, – адзначыў у Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу РБ 21 красавіка 2017 Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка. – Нам дарагая наша красамоўная мова, якую трэба берагчы, вывучаць, развіваць”.
Старшыня райвыканкама А. Дубовік заўважыў, у прыватнасці, што госці Дзятлаўшчыны выяўляюць інтарэс да яе прыроды, да мясцін, дзе жылі, дзе бывалі знакамітыя людзі. Трэба гэты інтарэс яшчэ павялічыць і максімальна выкарыстаць для развіцця рэгіёна. І па тэрыторыі мясцовага сельгаспрадпрыемства, верагодна, можна пракласці турыстычны маршрут з належнай для турызма інфраструктурай. Да прыкладу, маршрут, звязаны з імем славутага сына Беларусі, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Трэба над гэтым падумаць. У Дзятлаве інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ю. Залеўскім сустрэлася з працоўным калектывам «Будкомплекса». У гэты ж дзень абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама А. Бубенчык сустрэлася з працоўным калектывам ААТ “Дварэцкі льнозавод” у Дварцы. У складзе групы завод наведалі начальнік упраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама В. Кароткая, намеснік старшыні камітэта – начальнік упраўлення інвестыцый і знешнеэканамічнай дзейнасці камітэта эканомікі аблвыканкама А. Шчэбятко. Пасля інфармавання па тэме Дня А. Бубенчык тут жа, на заводзе, правяла прыём грамадзян. Некалькі зададзеных пытанняў датычыліся рэгулявання перамяшчэння працоўных рэсурсаў і забеспячэння жыллём.
Фота Б. Варны