У маі бягучага года прафсаюзныя тэхнічныя інспектары працы правялі маніторынг у арганізацыях Дзятлаўскага раёна. Выяўлены 126 парушэнняў патрабаванняў аховы працы (частка другая)

Падзеі

(частка другая)

Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі створаны рэйдавыя групы з тэхнічных (галоўных тэхнічных) інспектараў працы галіновых прафсаюзаў, якія ў адпаведнасці з зацверджаным графікам ажыццяўляюць грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях раёнаў.

У маі бягучага года адпаведны маніторынг праведзены ў арганізацыях Дзятлаўскага раёна. Па выніках абследаванняў арганізацый (іх аб’ектаў) выяўлены 126 парушэнняў патрабаванняў аховы працы, у тым ліку рэкамендавана прыпыніць эксплуатацыю і выкарыстанне 10 адзінак няспраўнага вытворчага абсталявання, машын і механізмаў, а таксама ўчасткаў работ, на якіх не арганізаваны бяспечныя ўмовы працы.

Ва ўстанове “Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа”:

прыбіральшчыцы службовых памяшканняў не выдадзены сродкі індывідуальнай аховы;

не вызначана дапаможнае памяшканне для захоўвання інвентара, мыйных сродкаў і сродкаў дэзінфекцыі;

адсутнічае аптэчка першай медыцынскай дапамогі.

У Дзятлаўскім філіяле ДП “Гроднааблпаліва”:

не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства інструкцыі па ахове працы, не праводзяцца ўсе неабходныя інструктажы;

адбываюцца парушэнні пры выкананні работ па рамонце і тэхнічным абслугоўванні аўтатрактарнай тэхнікі.

У Дзятлаўскім РУП ЖКГ:

у гаражы адсутнічаюць папераджальныя шыльда або надпіс;

не правераны манометры на кіслародным балоне, на адным з манометраў адсутнічае шкло;

у гаражы транспартнага ўчастка на свідравальным станку адсутнічае адна (з трох) ручка падачы шпіндзеля;

некаторыя работнікі знаходзяцца на працоўным месцы ў сваім, а не спецыяльным абутку;

у аўтамабілі УАЗ стрэлка на індыкатары ціску вогнетушыцеля знаходзіцца ў чырвоным сектары.

У КСУП “Хвінявічы”:

не пазначаны тэрміны тэхнічных аглядаў, планава-папераджальных рамонтаў грузападымальнага крана;

адсутнічаюць папераджальныя надпісы;

загадам не прызначаны спецыяліст арганізацыі, адказны за ўтрыманне грузападымальных кранаў у спраўным стане.

У Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства:

адсутнічаюць інструкцыі па ахове працы на вытворчым абсталяванні і інструкцыі па эксплуатацыі з адлюстраваннем бяспечных метадаў, прыёмаў выканання аперацый на агрэгатах і механізмах;

не зацверджаны графік тэхнічнага абслугоўвання, выпрабаванняў і рамонту вытворчага абсталявання;

не праведзены выпрабаванні агрэгатаў у памяшканні пякарні;

некаторыя інструкцыі па ахове працы для прафесій і работ з павышанай небяспекай не пераглядаліся больш за тры гады;

у хлебапякарні, жывёлазабойным цэху, будынках філіяла і гандлёвых прадпрыемстваў не пазначаны сігнальнымі палосамі краі прыступак, парогаў, пандусаў, перапады вышыняў;

не абсталявана памяшканне для сушкі адзення і абутку работнікаў;

на некаторых аб’ектах не назначаны грамадскія інспектары па ахове працы;

адсутнічаюць папераджальныя таблічкі, надпісы;

у журналах рэгістрацыі інструктажу па ахове працы ў жывёлазабойным цэху і хлебапякарні адсутнічаюць адзнакі аб стажыроўцы работнікаў;

на ўчастках філіяла (пякарня, жывёлазабойны цэх, транспартны ўчастак, гандлёвыя прадпрыемствы) не заведзены журналы штодзённага і штомесячнага кантролю за станам аховы працы;

каля ўязных варотаў на тэрыторыю транспартнага ўчастка адсутнічае знак абмежавання хуткасці і схема руху транспартных сродкаў (план тэрыторыі);

перыядычныя тэхнічныя агляды будынкаў і збудаванняў не праводзяцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі;

у філіяле не распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі неабходныя пералікі: прафесій рабочых, пасадаў кіраўнікоў і спецыялістаў, якія павінны праходзіць перыядычную праверку ведаў па пытаннях аховы працы, стажыроўку, перыядычныя медыцынскія агляды і іншае.

Работа па стварэнні здаровых і бяспечных умоваў працы ў дадзеных арганізацыях Дзятлаўскага раёна патрабуе прывядзення ў адпаведнасць з нормамі дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Па выніках маніторынгу тэхнічнымі інспектарамі працы прафсаюзаў выдадзены наймальнікам 11 рэкамендацый на ліквідацыю выяўленых парушэнняў патрабаванняў аховы працы.

Дадзеная інфармацыя таксама накіроўваецца для разгляду на пасяджэнні райвыканкама і прыняцця, у рамках прадастаўленых паўнамоцтваў, мераў па ліквідацыі і недапушчэнні выяўленых парушэнняў (у адпаведнасці з п. 6 пратакола № 4 ад 26.12.2016 года пасяджэння абласной пастаянна дзеючай камісіі па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”).

А. КАРДАШ,

намеснік старшыні аб’яднання прафсаюзаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *