Самая цудоўная пара года, якой радуюцца ўсе дзеці – гэта, вядома ж, лета. А яшчэ лета — гэта час, калі можна шмат чытаць.
Вось і Раклевіцкая сельская бібліятэка — цэнтр традыцыйнай культуры, у час летніх канікулаў вырашыла стварыць свята для дзяцей. На пачатку летніх канікулаў прайшла забаўляльна-гульнёвая праграма пад гучнай назвай “Свята са смакам дзяцінства”, прысвечаная Міжнароднаму дню абароны дзяцей. На мерапрыемстве прысутнічалі дзеці рознага ўзросту, якія ўдзельнічалі ў гульнях “Чыжык”, “Рэзіначка”, малявалі малюнкі. Для дзяцей была прадстаўлена кніжная выстава-заклік “Канікулы з кнігай”.
Цікава бавяць час дзеці малодшага і дашкольнага ўзросту. Выхаванцы Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы здзейснілі падарожжа па беларускіх казках. Ладзілася мультывіктарына “У гасцях у казкі”: дзеці прыгадалі свае любімыя казкі “Рэпка” , “Хітры вол”, “Лісіца і гусак” , “Два браты” і іншыя.
Дзецям будзе прапанавана бібліятэка пад парасонам “Канікулы без кніг, што лета без сонца”, музычны конкурс “Адгадай мелодыю”, бібліятэчны арт-аб’ект “Лаўка, якая чытае”.
Летнія канікулы — выдатная магчымасць развіваць творчыя здольнасці, пашыраць свой кругагляд, з карысцю правесці вольны час, прыняўшы ўдзел у бібліятэчных мерапрыемствах, пазнаёміцца з цікавымі выданнямі.
Запрашаем юных чытачоў наведаць бібліятэку.
Т. ЦЫГЕЛЬ,
бібліятэкар Раклевіцкай сельскай бібліятэкі-цэнтра традыцыйнай культуры