Свята рыбака. Частка трэцяя: чаму ж нам не пець?.. (абноўлена)

Падзеі

Суботнім днём, 29 ліпеня, на беразе Гезгалаўскага возера праходзіла Свята рыбака.

… Закінуў стары сетку трэці раз і выцягнуў залатую рыбку. Такім казачным сюжэтам распачалася тэатральная дзея Свята рыбака. А злавіў стары не простую залатую рыбку, а такую, што і спяваць можа, і танцаваць – Наталлю Бузук. Яна ды карагод мясцовых русалачак-дзяўчат прадоўжылі святочную праграму “Рыбка залатая”.

“Рыбная” тэма прысутнічала і ў вершаваных радках, і ў песенных нумарах, і ў танцавальных. Віншавальны песенны марафон прадоўжылі Эльвіра Задзярэй, Дар’я Вараб’ёва, Ксенія Шыкуць – мясцовыя юныя зорачкі эстрады. Надалей да іх далучыліся “Зорачкі” – узорны ансамбль скрыпачоў, які створаны і існуе ў Гезгалах пры школе мастацтваў. Гэты калектыў нядаўна з вялікім поспехам выступіў на “Славянскім базары” ў Віцебску: вярнуўся адтуль дыпламантам другой ступені. Юных скрыпачоў вельмі цёпла сустракалі гледачы. Апладысментаў не шкадавалі.

Канцэрт “Добры настрой” пацвярджаў назву. Святочны настрой жыхарам аграгарадка Гезгалы стваралі дуэт Аляксандра і Людмілы Баклушыных, Улад Ракуць, Марына Варган, Ганна Харлінская, Таццяна Дудкіна, Аляксандра Маленчык, Ірына Бакшук. З захапленнем сустракала дзятва артыстаў Беларускага тэатра роставых лялек пад кіраўніцтвам Івана Каско. Ахвотна танцавалі, выконвалі рытмічныя рухі: сапраўдны адпачынак на свежым паветры. А галоўнае – было добрае летняе надвор’е, якое кліча адпачыць, сустрэцца з сябрамі і весела бавіць час.

І.Міхайлоўская

Фота Б. Варны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *