Сезон палявання з сабакамі

Падзеі

З 8 ліпеня адкрыўся летне-восеньскі сезон ружэйнага палявання на бекаса з паляўнічымі сабакамі – лягавымі, спаніелямі, рэтрыверамі. Пры гэтым з адным сабакам могуць паляваць адначасова да трох чалавек. Раім тым, хто толькі пачынае займацца паляваннем, спачатку вывучыць на практыцы асаблівасці палёту і іншыя звычкі птушак, а не спрабаваць неабдумана страляць па іх. Улічваючы, што дупель і бекас у сезон палявання насяляюць практычна адны і тыя ж мясціны, а таксама вельмі падобныя па знешнім абліччы і афарбоўцы, кожны паляўнічы павінен умець дакладна іх адрозніваць. Дупель ў недалёкім мінулым адносіўся да ліку папулярных паляўнічых птушак. У сярэдзіне мінулага стагоддзя пачалося скарачэнне колькасці гэтага віду ў Беларусі, якая да пачатку ХХІ стагоддзя зменшылася ў 2-2,5 раза. У сувязі са скарачэннем колькасці дупель быў выключаны са спісу паляўнічых відаў і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Дупель крыху буйнейшы за бекаса, мае некалькі карацейшую дзюбу, таўсцейшы. Ніжняя частка грудзей, жывот і бакі, у адрозненні ад бекаса, спярэшчаны зігзагападобнымі лініямі. У палёце характэрнымі адметнымі прыкметамі дупеля з’яўляюцца белыя заканчэнні на краі махавых пёраў, якія шырэй і прыкметней, чым у бекаса, а на хвасце выдзяляюцца амаль цалкам белыя тры пары крайніх рулявых пёраў, якія ў бекаса маюць толькі белыя заканчэнні. Дупель, перш чым узляцець, падпускае на больш блізкую дыстанцыю, чым бекас, палёт яго цяжэйшы і больш адназначны. Узлятае ён, як правіла, моўчкі, тады як бекас, калі спужаецца выдае рэзкі ўскрык.

Заканадаўствам прадугледжана крымінальная адказнасць за незаконную здабычу дзікіх жывёлін, віды якіх уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Учыненне гэтага злачынства ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь караецца штрафам, пазбаўленнем права на паляванне, пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Працягваецца летне-восеньскі сезон палявання на жывёлін нармаваных відаў па разавых дазволах на здабычу і паляўнічых пуцёўках да іх — на казулю еўрапейскую. Да здабычы дазволены дарослыя самцы трафейнай якасці і селекцыйныя жывёліны любога полу і ўзросту, спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу, з падманьваннем. Пры правядзенні палявання дазволена выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў з карцеччу, лукі і арбалеты.

Нагадваем, што грамадзяне могуць праводзіць паляванне пры наяўнасці: сапраўднага дзяржаўнага пасведчання на права палявання; дазволу органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі пры паляванні з яе выкарыстаннем; паляўнічай пуцёўкі або разавага дазволу на здабычу паляўнічай жывёліны і паляўнічай пуцёўкі да яго.

У сувязі з фактамі неадзінкавага парушэння Правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі, з мэтай хуткага і аператыўнага рэагавання па затрыманні правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе “Тэлефон даверу” (8-01562) 6-63-65 і (8-029) 6501951 (мабільны Velcom), па якіх можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлін, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслінаў, што выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах, у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зэльвенскі раёны.

Г. ШЛЫКОВІЧ,
начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *