У вёсцы Зарой, Данілавіцкага сельскага савета, нядаўна прайшло традыцыйнае свята вёскі. Яно сёлета супала з Днём вызвалення нашага населенага пункта ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Права адкрыць святочнае мерапрыемства прадаставілі старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганне Мікалаеўне Жых. Яна павіншавала прысутных, пажадала вяскоўцам усяго найлепшага. Эстафету віншаванняў перанялі артысты аддзела культуры і адпачынку «Данілавіцкі дом культуры». Дружнымі апладысментамі ўдзельнікі свята сустракалі добра вядомы па неаднаразовых канцэртных праграмах у вёсцы Зарой фальклорны гурт «Суседачкі». Не менш цёпла віталі юных аматараў сцэны, без якіх не абыходзіцца ні адно мерапрыемства.
Вядучая свята Таццяна Буча ўшанавала старажылаў вёскі Ф. І. Кудрук і М. П. Янушкевіч, а таксама тых, хто сёлета выходзіць на заслужаны адпачынак — С. А. Раманюк, Н. С. Ціхановіч.
Другая частка свята нагадала пра ваеннае ліхалецце. Вяскоўцы ўспомнілі былых землякоў, якія не вярнуліся з фронту, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання, усклалі кветкі і гірлянду да манумента мірным жыхарам, закатаваным у гады Вялікай Айчыннай вайны.
На імправізаваную сцэну зноў выйшлі прадстаўнікі Данілавіцкага сельвыканкама — старшыня Ганна Мікалаеўна Жых і кіраўнік справамі Галіна Генадзьеўна Дворык. Яны назвалі імёны дбайных гаспадароў, якія ўласнымі рукамі ствараюць прыгажосць і ўтульнасць на сваіх падворках. Падзячнымі пісьмамі і сувенірамі адзначаны гаспадары падворкаў Т. П. Каласоўская, В. Н. Сас, А. І. Жукоўская, Л. У. Сас, В. І. Церайноўскі, П. Ф. Масюк, В. Ф. Падліпская.
З віншавальнымі словамі да землякоў звярнуліся ўраджэнцы вёскі Зарой — педагог з Навагрудка Галіна Іванаўна Пісарук, былы супрацоўнік Навагрудскага краязнаўчага музея Георгій Іванавіч Шараў, Аляксандр Міхайлавіч Кот, бацькі якога працавалі і пакінулі добрую памяць на заройскай зямлі.
Афіцыйная частка закончылася, але само свята прадаўжалася да позняга вечара. Танцы не давалі сумаваць, песні луналі ў цёплым ліпеньскім паветры.
За ўсё гэта варта выказаць словы шчырай падзякі людзям, якія дораць святочны настрой так званым «неперспектыўным» вёскам, стараюцца, каб жыхарам было весялей, каб часцей над ваколіцай гучалі музыка і песні. Дзякуючы іх намаганням, у Зароі жыве добрая традыцыя ўшаноўваць вёску і землякоў. Дзякуй вам, паважаныя работнікі Данілавіцкага сельвыканкама, сельскага Дома культуры, аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі райвыканкама. Дзякуем мясцовай гаспадарцы ААТ «Граніт-Агра» і яе дырэктару Станіславу Станіслававічу Мазуру, які заўсёды ідзе нам насустрач пры падрыхтоўцы святаў.
С. САС,
жыхар вёскі Зарой