Новыя магчымасці: Цэнтр паспяховага чалавека

Падзеі

Для невідушчых людзей рэабілітацыя — шлях да поспеху ў жыцці. Гэта лягло ў аснову стварэння ў Мінску ўстановы рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека». Невідушчым і слабавідушчым людзям тут дапамагаюць набыць самастойнасць і незалежнасць з дапамогай курсаў і методык, якія пашыраюць безбар’ернае асяроддзе.

Нядаўна на чатырохдзённых курсах у Цэнтры паспяховага чалавека пабыў удзельнік Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» Віталь Крэйдзіч. Вось што ён расказаў пра сваю паездку.

— Чатыры дні — невялікі тэрмін, але і за гэты час я атрымаў шмат новых карысных ведаў. З намі сустрэўся намеснік старшыні цэнтральнага праўлення ГА «БелТІЗ», заснавальнік Цэнтра паспяховага чалавека Міхаіл Мікалаевіч Антоненка. Ён расказаў аб установе, пазнаёміў з планамі курсаў.

Затым мы сустрэліся з бізнэс-трэнерам Уладзімірам Яўгенавічам Глушаковым. З кожным з нас ён правёў паўнацэнны трэнінг на тэму «Субяседаванне з наймальнікам». Мы даведаліся шмат карыснага. Хто мог, вёў канспект. Разгледзелі самыя нечаканыя пытанні, якія можа задаць наймальнік або эйчар (спецыяліст наймальніка, які задае пытанні ў час субяседавання, каб атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра кандыдата ў работнікі), пачулі правільныя і няправільныя адказы на іх.

Увечары нас запрасілі ў танцавальны гурток, дзе пазнаёмілі з лацінаамерыканскім танцам «Сальса». Я не асабліва ўмею танцаваць, але кіраўнік гуртка настолькі дасціпна патлумачыла рухі, што паўтарыць іх у мяне атрымалася з першай спробы.

Другі дзень пачаўся з паездкі ў кампанію EPAM, якая працуе ў ІТ-сферы. Гэта буйнейшы сусветны вытворца заказнога праграмнага забеспячэння. Офісы кампаніі знаходзяцца ў многіх краінах свету. Тут з кожным з нас правялі рэальнае субяседаванне. Супрацоўнікі кампаніі размаўлялі з намі на роўных, задавалі шмат пытанняў. Я крыху хваляваўся, бо раней не даводзілася ўдзельнічаць у такіх сур’ёзных субяседаваннях. Уласна кажучы, дзеля гэтай сустрэчы я і згадзіўся паехаць на курсы. Наведванне кампаніі дапамагло мне вызначыцца, у якім накірунку развівацца далей, дзе шукаць прымяненне сваім здольнасцям.

Вярнуўшыся з кампаніі ЕРАМ, мы са спецыялістам абмеркавалі субяседаванне: хто і як сябе паводзіў, якія памылкі дапусцілі, наколькі ўпэўнена трымаліся. Увечары пасля танцавальнага гуртка я займаўся прасторавым арыентаваннем (хадой з кіёчкам) з рэабілітолагам завода БелТІЗ «Святлопрыбор». Мы вывучалі маршрут ад гасцініцы да прыпынка. Інструктар дасціпна патлумачыла маршрут, я запомніў яго з першага разу, так што назаўтра самастойна дабраўся да цэнтральнага праўлення.

Трэці дзень прысвяцілі замацаванню ведаў. Увечары зноў былі заняткі з інструктарам: вывучалі маршрут ад цэнтральнага праўлення да гасцініцы. Зноў атрымалася вынікова.

У чацвер у рэстаране гасцініцы «Рэнесанс» з намі правялі заняткі па дзелавым этыкеце і паводзінах за сталом. Я даведаўся шмат таго, аб чым раней не ведаў. Банкет-мэнеджар адказаў на пытанні, калі было неабходна — дэманстраваў посуд. Так, мы пазнаёміліся з відэльцам для рыбы, бакаламі для розных напояў. Нам расказалі калі і як ужываюць гэтыя напоі, якія існуюць традыцыі. Напрыклад, даведаліся, што ў Швецыі за вечар выпіваюць толькі адзін бакал віна. Яго трэба піць павольна, каб не стварыць няёмкай сітуацыі для сябе і субяседніка.

Скончыўся чацвёрты дзень танцам «Сальса». Мы танцавалі ў парах з дзяўчатамі, выкарыстоўваючы ўсе вывучаныя рухі.

На курсах мне спадабалася. Выдатна, калі ёсць магчымасць даведацца штосьці новае або замацаваць ранейшыя веды. Калі прапануюць чарговую паездку ў Цэнтр паспяховага чалавека, згаджуся з задавальненнем.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *