Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне (ДУ “НГАБ” г. Гродна) захоўваюць звесткі з гісторыі вёсак Дзятлаўшчыны, трэба толькі ўчытацца ў іх. Дык давайце выправімся ў архіўна-гістарычнае падарожжа.
Вёска Малдуці. Адзіная яе вуліца працягам болей за кіламетр кіруе ад асфальтавай шашы Дзятлава-Навагрудак у бок вёскі Змяёўцы. Некалі вуліца была забрукавана неапрацаваным каменем, што ёсць неаспрэчным сведчаннем тымчасовай цывілізацыі. Але наступнага тэхнічнага прагрэсу брукаванка не вытрымала. Пад коламі цяжка нагружаных трактароў-машын камяні праселі, і ўтварыліся глыбокія каляіны. Колькі гадоў таму праблему праезда часткова вырашылі гравійнай падсыпкай.
У 1878 годзе Малдуці налічвалі 27 двароў, меўся адзін магазін. У 1905 годзе ў вёсцы жылі 192 душы. Па дадзеных “Вікіпедыі” станам на 2009 год засталося 58 жыхароў.
У 1890 годзе паводле “Списка селений неправильно наименованных на трехверстной военно-топографической карте Гродненской губернии Слонимского уезда Дятловской волости” была ўдакладнена рускамоўная назва вёскі: не “Молдуть”, а “Молдуци”. У апошнім варыянце тапоніма зважаем на літару «ц», якая замяніла ранейшую “т”. Перад намі яскравае сведчанне беларускамоўя тутэйшых жыхароў і яго вырашальнага ўплыву на рускамоўных картографаў. Вусная моўная стыхія змусіла рабіць пісьмовую праўку.
Наступную памылку трэба выпраўляць ужо сучаснікам. Трактоўка назвы вёскі ад словаў “молад і малажаны, малдуці – маладажоны”, якая пададзена ў кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён”, памылковая. Па-праўдзе, вёска набыла назву ад рачулкі Молдзя, пра якую ёсць сведчанні з XVII стагоддзя. Рэшткі тагачаснай рачулкі сёння прасочваюцца ў каналізаваным рэчышчы паблізу суседняй вёскі Маскалі. Гэта якраз той выпадак, калі тапонім (назва вёскі) паходзіць ад гідроніма (назвы рэчкі), што ў Беларусі, ды і ва ўсім свеце, нярэдкасць. Увогуле, тапонімы пажадана тлумачыць, заглядваючы ў гістарычныя крыніцы як мага глыбей. Людзі здаўна стараліся сяліцца каля вады.
Архіўныя дакументы пачатку мінулага і канца пазамінулага стагоддзяў утрымліваюць нямала звестак пра характар і ўзровень сельскай гаспадаркі, пра асноўны занятак мясцовых жыхароў. Да прыкладу, зямельныя канфлікты паміж сялянамі вырашаліся і праз звароты ў дзяржаўныя інстанцыі.
У справе пад агульнаю назваю “Дело о выдаче копий и планов, актов и карт на крестьянские наделы по Гродненской губернии” сярод шэрагу дакументаў 1904 года пазначана прашэнне сялян вёскі “Молдуци” Вікенція і Адама Пятровіча Матусевічаў (у другім месцы таго ж дакумента яны названы як “Матосевічы”) па спрэчцы з Адамам і Казімірам Пятровічам Волчэцкімі – “по спору о разделённой по плану земле”. Дзяржава як асноўны землеўладальнік размяркоўвала зямельныя надзелы, а паводле люстрацыйнага плана архіва Гродзенскай губерні землі сялян вёскі “Молдуци” без падзелу налічвалі 370,32 дзесяціны. На даведцы пра копію люстрацыйнага плана Губернскай Чарцёжнай вёскі “Молдуци” за неадукаваных Вікенція і Адама Пятровіча Матусевічаў распісаўся Іван Малькоўскі.
П. РУСАЎ