Лета маёй мары

Падзеі

Летнія канікулы — лепшы час для школьнікаў. З гэтым згодны і дзеці, і дарослыя. Прычым, дарослыя заўсёды стараюцца арганізаваць летні адпачынак дзяцей так, каб ён быў карысны і для здароўя, і для развіцця асобы маладога чалавека. Не выключэнне і лета-2017. На Дзятлаўшчыне на летніх канікулах рэалізоўваецца акцыя «Лета — час адкрыццяў», прымеркаваная да Года навукі ў Беларусі. Функцыянуюць школьныя летнікі, шматлікія секцыі, гурткі і творчыя пляцоўкі, якія актыўна наведваюць навучэнцы.

На адным з летніх мерапрыемстваў карэспандэнтка газеты «Перамога» прапанавала школьнікам паразважаць на тэму «Лета маёй мары». Даведалася, які адпачынак больш даспадобы падлеткам, побач з кім яны хочуць бавіць вольны час, аб чым мараць.

Анастасія Глушкевіч, сярэдняя школа №3 горада Дзятлава:

— Лета маёй мары павінна праходзіць каля цёплага мора і быць багатым на новыя ўражанні, адкрыцці, станоўчыя эмоцыі. Летам павінна быць шмат сонца і вітамінаў. Побач са мной абавязкова павінна адпачываць мая сям’я. Толькі калі мы разам, адпачынак можна назваць ідэальным.

Лізавета Салата, сярэдняя школа №1 горада Дзятлава:

— Ідэальнае лета павінна быць цёплым, каб шмат часу бавіць на свежым паветры з сябрамі, а калі блізка вадаём — купацца і загараць. У ідэале хочацца з’ездзіць нашай сям’ёй на Адрыятычнае мора, як мага больш часу правесці на пляжы, адпачыць ад мітусні і турботаў. Падарожнічаць па розных гарадах і адкрываць для сябе новае — таксама выдатны адпачынак.

Андрэй Ігнатовіч, сярэдняя школа №3 горада Дзятлава:

— Хачу паехаць далёка-далёка: на Кіпр або Мальдзывы. Есці там сушы і піцу, ляжаць пад сонцам, купацца, назіраць за іншымі турыстамі, як яны атрымліваюць асалоду ад купання ў лагоднай марской вадзе. Калі стане зусім горача — спаталяць смагу прахалодным натуральным сокам, есці марожанае. Адным словам — адпачываць і радавацца жыццю.

Вольга Сербін, сярэдняя школа №1 горада Дзятлава:

— Кожны дзень лета сваёй мары я хацела б правесці побач з роднымі і сябрамі, гуляць, хадзіць у кіно, кафэ, есці марожанае. Маё ідэальнае лета павінна быць спякотным і сонечным, каб можна было загараць каля ракі і плаваць. Таксама я люблю хадзіць па грыбы і ягады, у паходы і на рыбалку. Усё пералічанае — выдатныя віды адпачынку, калі побач вясёлая кампанія.

Таццяна Семенік, сярэдняя школа №1 горада Дзятлава:

— Лета маёй мары павінна пакінуць мне найлепшыя ўражанні. Таму я правяла б яго побач з сябрамі. Можна паехаць на прыроду, каб адпачыць і пазагараць. Вядома ж, лета павінна быць цёплым, каб шмат гуляць і хадзіць у паходы. Лета — мой любімы сезон, хочацца, каб яно было яркім, вясёлым, запамінальным.

Можна зрабіць выснову, што ўсе выказванні навучэнцаў звязаны асноўнай думкай — лета павінна быць цёплым. Засумавалі дзеці па сонейку, надакучылі ім дажджы. Магчыма, таму амаль кожны з апытаных марыць паехаць да цёплага мора, каб атрымаць сваю «порцыю» лета. Не менш важным складальнікам ідэальнага адпачынку падлеткі лічаць прысутнасць родных і сяброў.

Калі прырода падорыць спякотны жнівень, мяркую, усе мары навучэнцаў аб ідэальным леце ажыццявяцца. А курортам хутчэй за ўсё стане не цёплае мора, а бераг Маўчадкі ці Нёмана, на крайні выпадак — гарадскі пляж.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *