Купальскае свята ў Дзятлаве (абноўлена)

Падзеі

Дарослых, моладзь, дзятву сабрала каля верхняга возера ў Дзятлаве свята Купалле. Праводзілася яно ў пятніцу, 7 ліпеня.Па сцяжынцы над возерам — на Купальскае свята. Толькі гукні…А дзясятай гадзіне вечара прыйшлі да возера дзяўчаты ў купальскіх вянках з летніх красак і зёлак, заспявалі песні. Прыйшоў Купаліш з Купалінкай, каб павітаць гасцей свята, пажадаць усім добра правесці час: пагаманіць, паспяваць, патанчыць, а каму пашанцуе – папараць-кветку знайсці.Спрабавалі напалохаць гасцей свята і перашкодзіць гулянню вядзьмарка і чэрці, але іх не забаялася нават дзятва, а дзяўчаты “адкупіліся” песнямі. Добраму настрою спрыялі купальскія напевы і бясхмарны прыемны вечар.

Далёка па наваколлі лунала музыка і спевы, збіраючы ўсё больш дзятлаўчан на гулянне. Тым часам завітала на свята і гаспадыня-Купаліца, паклікала дзяўчат наплесці купальскіх вянкоў і пусціць іх па вадзе. Так здаўна рабілі-варажылі дзяўчаты: чый вяночак хутчэй паплаве, тую і замуж хутчэй возьмуць; а калі патоне хутка вяночак, то сядзець дзяўчыне ў дзеўках.

Яшчэ адна традыцыя купальскага свята – пошукі чароўнай папараці-кветкі. Прыгожую легенду пра тое, што расцвітае яна ў купальскую ноч і прыносіць таму, хто знайшоў, каханне і шчасце, ведае, здаецца, кожны. Але не кожны хоча, імкнецца, можа яе знайсці. На дзятлаўскім свяце параць-кветку ўдалося знайсці Наталлі Болтач. Ёй дастаўся і галоўны прыз ад арганізатараў.

Не да пошукаў папараці-кветкі было малечы: іх вабілі батуты, атракцыёны, забаўкі-цацкі ў гандлёвых палатках. Многім бацькам давялося добра раскашэліцца, бо спакусаў у малечы хапала. Разваротлівыя прыватныя прадпрымальнікі наладзілі бойкі гандаль, і  ўжо хутка ўтварыліся чэргі па салодкую вату, папкорн, на атракцыёны. Калі прыцямнела, распарадзілася Купаліца запаліць купальскае вогнішча. Алегу Рэйбе была даручана гэтая адказная місія. Справіўся ён на выдатна, і ў многіх прысутных застануцца на памяць шматлікія сэлфі каля кастра. Купальскае вогнішча атрымалася яркае і бачнае здалёк. Да яго на бераг возера стала збірацца ўсё больш людзей.

А на купальскай сцэне спявалі ансамбль песні і музыкі “Ятранка”, гурт “Бархат”, Ганна Харлінская, Яна Мармыш, Ала Чарняўская, Марына Варган, Аляксандр Раеўскі, Васіль Шпігановіч. Дзякуй ім за гэта! Дзякуй, што аднавілі дзятлаўскую традыцыю сустракацца на Купалле каля возера.Хораша спявае народную «Купалінку» Яна Мармыш. Дзякуем, Яначка!Засяродзіла Яна песняй дарослых і нават малечу. І да новай сустрэчы праз год. Калі над верхнім дзятлаўскім возерам зноў успыхне прамяністы купальскі агонь, залунаюць спрадвечныя нашы песні, заспяваюць нашы цудоўныя народныя гурты і эстрадныя выканаўцы. І будзе многа гульняў, забаваў, розыгрышаў, будзе начная дыскатэка пад “жывую” музыку, а ў гандляроў – дачасна не апусцеюць прылаўкі з частункамі. Дык чакайма наступнае Купалле са здароўем, настроем, грашыма, жаданнем сустрэцца ў Купальскую ноч і бавіць час з добрымі людзьмі побач! І. Міхайлоўская

Фота Б. Варны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *