Ігнат Дамейка: мае падарожжы

Падзеі

31 ліпеня – 215 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі

У 2002 годзе выйшаў з друку дваццаць першы том серыі “Беларускі кнігазбор”, распрацаванай у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кніга змясціла ўспаміны вялікага сына Беларускай зямлі, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі пад агульнай назвай “Мае падарожжы”.

У прадмове да кнігі Кастусь Цвірка пісаў:

“25 студзеня 1889 года ў сталіцы далёкай паўднёваамерыканскай краіны Чылі Сант’яга амаль адначасова зазванілі званы ўсіх касцёлаў. Трывожныя, пералівістыя гукі запоўнілі ўсе вуліцы і завулкі горада. Людзі кідалі свае заняткі і спяшаліся да цэнтральнага пляца сталіцы. Яны ўжо ведалі: там пачыналася цырымонія пахавання вялікага грамадзяніна Чылі Ігната Дамейкі, вестка пра смерць якога хутка разляцелася ва ўсе канцы краіны.

Калі на шырокім пляцы перад урадавым палацам сабраўся агромністы людскі натоўп, каля ўстаноўленай там труны з целам славутага вучонага выступіў сам прэзідэнт рэспублікі Бальмаседа, які нагадаў пра вялікія заслугі памерлага перад краінай і аб’явіў аб наданні Ігнату Дамейку звання нацыянальнага героя Чылі.

Але не толькі перад чылійцамі заслужыў высокую пашану Ігнат Дамейка. Сваё імя праславіў ён яшчэ задоўга да прыезду ў Чылі. Праславіў як адзін з актывістаў вядомага віленскага згуртавання моладзі – Таварыства філаматаў. I як удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў на Беларусі і ў Польшчы.

Нездарма геній сусветнай літаратуры Адам Міцкевіч зрабіў Ігната Дамейку адным з персанажаў сваёй славутай паэмы “Дзяды”. Яго ж вобраз вывеў паэт і ў другім сваім шэдэўры – паэме “Пан Тадэвуш”.

Калі б падрабязна расказаць пра пакручастую долю Ігната Дамейкі, пра ўсе яго шляхі-дарогі, пра неверагодныя падзеі жыцця славутага вучонага, атрымаўся б сапраўдны прыгодніцкі раман”.

Ігнат Дамейка ў маладыя гады. Акварэльны партрэт Ю. Куроўскага
Бюст Ігната Дамейкі ў Мядзвядцы (цяпер — у Карэліцкім раёне)
Маёнтак Мядзвядка — родавае гняздо Ігната Дамейкі. Малюнак Напалеона Орды
Мемарыяльны камень памяці Ігната Дамейкі ў Мядзвядцы

Мы ж нагадаем пра нашага знакамітага земляка, які пасля вяртання з Чылі жыў у ваколіцы Зецела-Дзятлава – Жыбуртоўшчыне, публікацыяй урыўкаў з яго ўласнаручна напісаных успамінаў “Мае падарожжы” з некаторымі каментарыямі.

…23 траўня 1884 г. У прыгожай, цудоўнай сталіцы, што мае сто пяцьдзесят тысяч жыхароў, шматлюдны – не злічыць – картэж сяброў і паважаных грамадзянаў, дэпутатаў і сенатараў рэспублікі, двое дарослых сыноў ды шматлікая радня маёй, святой памяці, жонкі, школьная і ўніверсітэцкая моладзь праводзяць мяне да чыгуначнай станцыі. Гучныя воклічы “Viva! Viva!”. Аркестр іграе чылійскі нацыянальны гімн; мяне вядуць да спецыяльнага вагона, у якім ездзяць толькі прывілеяваныя асобы: сам прэзідэнт, міністры. І тут адзін студэнт Інстытута ў сваёй прамове віншуе мяне з тым, што ўбачу свой родны край, і выказвае пажаданне шчасліва вярнуцца ў гэтую другую, здабытую сэрцам, айчыну. Я ўзрушаны і змог толькі крыкнуць “Viva Chile!”. Зноў музыка, воклічы, тройчы раўнуў паравоз; едзем. Трое маіх былых вучняў, з іх адзін сенатар, а два дэпутаты сейма, ды грамада прафесараў універсітэта праводзяць мяне да порта Вальпараіса, дзе яшчэ два дні званых абедаў, авацыі. Нарэшце пад вечар трэцяга дня на палубе магутнага парахода “Брытанія” са мною развітваюцца айцец Аўгусцін, прыёр місій Паўднёвага акіяна, старшыня сената дон Рафаэль Лярайн, шмат грамадзян Сант’яга і са слязьмі – любыя сёстры маёй жонкі донна Лукрэцыя, донна Матыльда, іх дочкі да іншыя нашыя сваячкі.

Такі быў мой выезд з Чылі.

Сонца ўжо дакранулася да мора, на палубе загрукаталі ланцугі якара; кароткая, шумная як звычайна неразбярыха апошняга развітання; пачалі адплываць партовыя чаўны, і яшчэ доўга здаля відаць было, як махалі мне белымі хусцінкамі.

Са слязьмі ў вачах і неспакоем у сэрцы спусціўся я ў каюту; плывём.

Бывай здарова, Чылі!

Дзякую Табе за мае 46 гадоў працавітага жыцця на Тваіх абшарах, за Тваю гасціннасць, за нададзенае мне Табою грамадзянства, за сям’ю, за пашану, якую я меў ад Твайго народа, за шчодрае забеспячэнне рэшткі майго жыцця, за духоўную асалоду і ўцехі, якімі Бог адарыў мяне ў Тваіх касцёлах і старасць маю ўмацаваў…
15 жніўня …Здаля заўважаю азяранскі лес майго дзядзькі Юзафа, нябожчыка, а перш чым мы ўехалі ў лес, мяне вельмі здзівіў свіст лакаматыва. Мой Божа! Калі апошні раз мы з маім дзядзькам ездзілі па гэтым лесе, пра чыгунку нічога не чулі нават у Лондане ці Парыжы, а па гэтым лесе можна было праехаць хіба на вузкай каламажцы. Сягоння будуюць чыгунку машыны, прыгожыя станцыі; гроша не было, каб паправіць забалочаную дарогу і мост, а сёння – міля дарогі каштуе сто тысяч рублёў.

Пераначавалі ў Азяранах, што належаць майму пляменніку Ігнату. Двор збудаваны на ўзгорку; калісьці, як я выязджаў, тут было амаль пуста, будынак не быў скончаны, малыя дрэўцы і прышчэпы здаля і не відаць былі, а цяпер гэта прыгожая віла ці quinta (двор), вялізныя каштаны і ліпы, сад ужо плодны, газоны, ходнікі і клумбы ў англійскім стылі. Раніцай я пайшоў у недалёкі лес, перад смерцю дзядзька пабудаваў для сябе і для жонкі невялікую каплічку, у якой яны і былі пахаваныя. Мой дзядзька Юзаф выхоўваўся ў вальтэраўскую эпоху; у маладосці падарожнічаў, быў вучнем Вернэра ў Фрайбургу, вывучаў мінералогію і горную справу. Ён любіў расказваць мне пра гэта, а ягоныя апавяданні, магчыма, і спрычыніліся да таго, што я праз трыццаць гадоў прысвяціў гэтай прафесіі жыццё. А мой дзядзька стаў пасля добрым гаспадаром, ажаніўся ў пажылым узросце, вёў набожнае жыццё і памёр, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце.

Каментарый “Перамогі”: Юзаф – адзін з дзевяці дзяцей Казіміра і Багумілы Дамейкаў (яны прыходзіліся дзедам і бабай Ігнату па бацькоўскай лініі). Бацькі рана памерлі, пакінуўшы дзевяць малалетніх дзяцей круглымі сіротамі. Казімір перад смерцю прасіў радню Свентаржыцкіх і Быкоўскіх не пакінуць яго дзяцей без апекі. Выканаўцамі тэстамента прызначыў двух суддзяў – мінскага і старадубскага. У выніку ўсе дзеці-сіроты дасягнулі паўналецця, атрымалі адукацыю і пасады, здабылі нерухомасць і на працягу жыцця дапамагалі адзін другому.

Юзаф, у прыватнасці, скончыў Галоўную Літоўскую школу, быў стыпендыятам Адукацыйнай камісіі, вучыўся ў знакамітай Каралеўскай горнай акадэміі ў Фрайбургу, служыў у Пецярбургу, у 1821 годзе выйшаў у адстаўку і купіў фальварак у Азяранах (цяпер у Дзятлаўскім раёне). У сваім доме меў немалую калекцыю мінералаў і прыродазнаўчых кніг, хацеў зацікавіць пляменніка Ігната дакладнымі навукамі і ў першую чаргу сваёй любімай мінералогіяй, рамантычнай прафесіяй геолага. Менавіта ён адвёз Ігната ў Шчучын, у піярскую школу, дзе шмат увагі надавалі прыродазнаўчым навукам, бо школьную праграму склаў тут вядомы мінеролаг і батанік Станіслаў Юндзіл. У школе меўся мінералагічны музей, багатая бібліятэка. Вучні былі пад апекай “дырэктараў”. “Дырэктарам” для Ігната стаўся будучы паэт-філамат Ануфрый Петрашкевіч, таксама схільны да прыродазнаўства.

Такім чынам дзядзька Юзаф быў другім (пасля старэйшага брата Ігната) апекуном Ігната Дамейкі, які таксама стаўся сіратою ў сем гадоў і быў аддадзены пад апеку. Родавая еднасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу былі ўласцівыя для Дамейкаў у розных пакаленнях і хораша вызначалі іх у грамадстве. Дамейкі ўмелі паразумецца міжсобку, умелі сябраваць і не чураліся адказнасці перад родзічамі і сваякамі.

Цяпер каля каплічкі сяляне хаваюць сваіх памерлых; утварыліся могілкі, на якіх ужо, паміж іншымі свежанасыпанымі, былі дзве магілы з выбітымі на камені расійскімі надпісамі. Крыжы яшчэ ўсе каталіцкія, некаторыя пахіліліся, на некаторых завязаныя тасёмкі і стужкі, мабыць, з убору памерлых жанчынаў, знятых пры пахаванні. Але тым з вяскоўцаў, што засталіся ў каталіцкай веры, трэба ісці на імшу за чатыры мілі, бо бліжэй касцёла няма.

Таго ж дня рушылі ўжо і ў Жыбуртоўшчыну, апошні, як я казаў, пункт майго пяцідзесяцітрохгадовага падарожжа. Напаткалі лакаматыў, што ішоў па новай каляі, пасля праехалі праз Дварэц. Тут таксама забралі парафіяльны касцёл на праваслаўе, а сяляне-каталікі вымушаны хадзіць на імшу за чатыры з палавінай мілі, да Наваградка.

З вялікім узрушэннем, з сэрцабіццём праехаў я праз Дзятлава, паўз прыгожы касцёл, уратаваны для каталікоў стараннем майго зяця і суседзяў. Цудоўны палац, маёнтак і рэзідэнцыя Солтана, апошняга маршалка надворнага Вялікага Княства Літоўскага, ды ягонага сына, палкоўніка Адама, забраныя ўрадам і пераробленыя на вайсковы шпіталь ды на жытло, а сад спустошаны.

(Працяг будзе)

Падрыхтаваў да друку Б. Варна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *