Мерапрыемства з парадкам дня «Аб рабоце Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, дабраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета» адбылося 28 ліпеня. У ім прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі, старшыні сельскіх выканкамаў раёна, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў.
З сацыяльна-эканамічным становішчам Дзятлаўскага сельскага савета і работай па яго развіцці і
добраўпарадкаванні ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў старшыня А. Маркушэўскі.
Плошча Дзятлаўскага сельскага савета складае 239 квадратных кіламетраў. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 32 паселішчы, 985 гаспадарак. Колькасць жыхароў – 2019 чалавек: 1171 (54 працэнты) – працаздольныя, 660 (33 працэнты) – пенсіянеры, не дасягнулі працаздольнага ўзросту – 188 (13 працэнтаў). Сярод жыхароў 5 малалетніх вязняў, 34 – адзінокія жыхары, 349 – жывуць адзінока, 17 шматдзетных сем’яў, 14 няпоўных сем’яў, 82 чалавекі маюць першую (18) і другую (64) групы інваліднасці, 4 дзіцяці з’яўляюцца інвалідамі дзяцінства.
На жаль, насельніцтва Дзятлаўскага сельскага савета штогод скарачаецца. Так, сёлета тут нарадзіліся 3 чалавекі, памерлі — 36.
У ліку паселішчаў сельсавета тры буйныя — аграгарадок Раклевічы (385 жыхароў), вёска Засецце (260 жыхароў), вёска Апаліна-Басіна (224 жыхары). У шасці паселішчах жывуць менш за 10 чалавек (Запашка, Каменка, Нямковічы, Палубачкі, Рэпішча, Тарасавічы). У Сіратаўшчыне ніхто не жыве. Самае аддаленае паселішча — вёска Рэпішча — знаходзіцца за 30 кіламетраў ад цэнтра сельсавета. Самыя блізкія – вёскі Каменка, Плябанавічы, Савічы – на адлегласці 2 кіламетры. Газіфікаваны 12 паселішчаў (вёска Плябанавічы — летась). Дарогі амаль да ўсіх паселішчаў заасфальтаваны, за выключэннем дарог да вёсак Селівонкі, Тарасавічы, Пацаўшчына, Нарбутавічы.
Вытворчай асновай сельсавета з’яўляецца КСУП «Русь-Агра», дзе працуюць 396 чалавек, каля 90 чалавек запрашаюць на сезонныя работы. Плошча сельгасугоддзяў гаспадаркі – 7638 гектараў, з гэтай колькасці 4000 гектараў — ворыва, 3638 гектараў — лугі.
Сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць аддзяленне паштовай сувязі, 4 магазіны райспажыўтаварыства, Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа, Раклевіцкі дом культуры, бібліятэка, 2 фельчарска-акушэрскія пункты, Нарбутавіцкі дом сацыяльных паслугаў.
Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць Раклевіцкі ФАП (абслугоўвае 549 чалавек), які заняў першае месца ў вобласці па выніках работы за мінулы год, і Норцавіцкі ФАП (абслугоўвае 451 чалавека), а таксама Дзятлаўская раённая, Наваельнянская паліклінікі, Міроўшчынскі ФАП. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абслугоўванне адзінокіх грамадзян і людзей, якія жывуць адзінока, аказваюць ім неабходную медыцынскую дапамогу. Нараканняў ад жыхароў сельсавета на работу ФАПаў няма.
Гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва ў сельсавеце займаюцца 4 стацыянарныя магазіны райспажыўтаварыства. Паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, абслугоўваюць аўталаўкі па зацверджаным графіку. Аддзяленне паштовай сувязі, акрамя асноўных паслугаў, аказвае дадатковыя: праз паштальёнаў можна набыць і заказаць амаль любыя віды тавараў.
Ва ўстановах культуры сельсавета створана 12 клубных фарміраванняў, сярод якіх 7 — для дзяцей. Работнікі культуры рэгулярна ладзяць мерапрыемствы для рознаўзроставых катэгорый насельніцтва: тэматычныя вечарыны, “агеньчыкі”, абрадавыя святы, святы вёсак.
У Раклевіцкай школе-садку выхоўваюцца і навучаюцца 68 дзяцей, калектыў педагогаў узначальвае А. Васюкевіч.
Шмат увагі сельвыканкам надае забеспячэнню бяспекі жыцця адзінокіх жыхароў і тых, якія жывуць адзінока (рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўка АПІ, забеспячэнне палівам, медыцынскай дапамогай). Штогод аглядавыя камісіі ацэньваюць стан адзінокіх грамадзян. Тым, хто мае патрэбу, аказваюць матэрыяльна-бытавую падтрымку.
У прыярытэце — пытанне добраўпарадкавання паселішчаў. Сёлета добраўпарадкавана тэрыторыя каля фермы вёскі Засецце, ліквідаваны сметнікі ў аграгарадку Раклевічы, каля вёсак Савічы, Міклашы, Хадзяўляны, добраўпарадкавана тэрыторыя каля помніка землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, у вёсцы Засецце (пераклалі кафлю), знесены 5 пустуючых дамоў, на двух участках каля вёскі Засецце і адным каля вёскі Курпяшы выкарчавана дзікарослае кустоўе, у севаабарот уключаны 1,15 гектара зямлі. Затрачаны 299,9 рубля. Акрамя таго, ва ўсіх паселішчах сельскага савета ажыццяўлялі высечку хмызнякоў, падкошвалі траву каля незаселеных дамоў. Згодна з графікам, штомесяц старанна наводзілі парадак у пяці паселішчах і на могілках каля іх.
За арганізацыямі сельсавета і раёна замацаваны 7 помнікаў воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, адно воінскае пахаванне, 11 могілак (6 — агароджаны, 8 — знаходзяцца ў лясных масівах). Сёлета на ўсіх могілках абсталяваны пляцоўкі для складвання смецця, праводзіліся ўборка і вываз смецця. На двух могілках праведзены суботнікі (выдалены хмызнякі, аварыйныя дрэвы).
Жыхары 20 паселішчаў заключылі з РУП ЖКГ дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў.
32 кіламетры вуліц паселішчаў сельсавета знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ.
На падведамаснай тэрыторыі знаходзяцца 159 незаселеных дамоў, пададзены 145 паведамленняў аб намеры выкарыстоўваць гэтыя дамы ў летні перыяд, адшукваюцца спадчыннікі яшчэ 14 дамоў. З пачатку дзеяння Указаў №70 і №100 знесены 100 спарахнелых і пустуючых дамоў (сёлета — 5). Выконваць работы дапамагае КСУП «Русь-Агра».
Напрыканцы свайго даклада старшыня сельвыканкама А. Маркушэўскі зазначыў, што работы яшчэ шмат, бо ў аграгарадку Раклевічы патрэбен рамонт водаправода і каналізацыі. Яны не перададзены на баланс РУП ЖКГ, а ў гаспадаркі няма фінансавай магчымасці выканаць работы.
Тым не менш, з кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый сельскага савета наладжана цеснае супрацоўніцтва. Плённа сельвыканкам супрацоўнічае з актывам сельсавета, дэпутацкім корпусам, старастамі вёсак. Ёсць надзея, што агульнымі намаганнямі пастаўленыя задачы будуць вырашаны.
Удзельнікі семінару наведалі ў аграгарадку Раклевічы Дом культуры, магазін «Родны кут», фельчарска-акушэрскі пункт, у Курпяшах агледзелі ўчастак, добраўпарадкаваны пасля разборкі дома з гаспадарчымі пабудовамі, пабылі на могілках у Пацаўшчыне, храме ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай, у вёсцы Баравікі сустрэліся з гаспадарамі падворкаў узорнага парадку М. Якубчыкам, У. Лахачом.
І. СТЫРНІК
Фота аўтара