Сёлета спажывецкая кааперацыя Рэспублікі Беларусь адзначае свой 100-гадовы юбілей. Роўна стагоддзе задавальняе патрэбы спажыўцоў самая буйная гандлёвая сетка краіны. Праўда, у Заходняй Беларусі, у сувязі з вядомымі гістарычнымі падзеямі, яна пачала функцыянаваць крыху пазней. Так, на Дзятлаўшчыне першае сельскае спажывецкае таварыства было заснавана ў 1940 годзе — у Стралянскім сельсавеце. Праз некаторы час узніклі Наваельнянскае, Дварэцкае, Ахонаўскае, Раготнаўскае сельскія спажыўтаварыствы. У райспажыўсаюз, згодна з рашэннем агульнага сходу заснавальнікаў, яны былі аб’яднаны ў 1945 годзе, а ў 1960-ым, пасля скасавання Казлоўшчынскага раёна, арганізацыйныя структуры спажыўкааперацыі былі падпарадкаваны Дзятлаўскаму райспажыўсаюзу. У 1995 годзе Дзятлаўскі райспажыўсаюз быў рэарганізаваны ў раённае спажывецкае таварыства.
Векавыя традыцыі спажывецкай кааперацыі цесна звязаны з імёнамі работнікаў таварыства. Больш за палову свайго жыцця Дзятлаўскаму райспажыўтаварыству прысвяціў Віктар Сцяпанавіч Новік — яго лёс стаў адной са старонак гісторыі гэтай арганізацыі.
Нарадзіўся ён у 1948 годзе ў вёсцы Еўлашы Шчучынскага раёна. Працоўную дзейнасць пачынаў на Скідзельскім цукровым камбінаце. У 1974-ым скончыў Маладзечанскую інструктарска-рэвізійную школу і быў прыняты на пасаду старшага рэвізора Шчучынскага занальнага аддзела кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Гродзенскага аблспажыўсаюза. З гэтага моманту і да нашых дзён жыццё Віктара Сцяпанавіча цесна звязаны са спажывецкай кааперацыяй Гродзеншчыны. У 1981 годзе ў Гомельскім кааператыўным інстытуце ён атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік, кантроль і аналіз гаспадарчай дзейнасці». Некаторы час узначальваў Астрынскае спажыўтаварыства, а ў 1985 годзе пераехаў на Дзятлаўшчыну. Спачатку працаваў намеснікам старшыні Дзятлаўскага райспажыўсаюза па гандлі, а ў ліпені 1986 года сам узначаліў спажывецкую кааперацыю раёна.
Віктар Сцяпанавіч Новік, з’яўляючыся кіраўніком, вялікую ўвагу надаваў развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы райспажыўтаварыства. У час яго кіраўніцтва райспажыўтаварыствам былі пабудаваны Дом гандлю, каўбасны і жывёлазабойны цэхі, шэраг гандлёвых прадпрыемстваў у сельскай мясцовасці, якія прыйшлі на змену хатнім крамам, іншыя аб’екты. Адным словам, была створана трывалая гандлёва-вытворчая база для далейшага развіцця спажывецкай кааперацыі раёна. У 2008-2009 гадах па выкананні фінансавых і гаспадарчых паказчыкаў Дзятлаўскае спажыўтаварыства займала першае месца ў вобласці і яшчэ шмат гадоў было сярод лепшых. На базе нашага раёна праходзілі рэспубліканскія семінары па абмене вопытам у развіцці галінаў дзейнасці.
Віктар Сцяпанавіч працаваў старанна, таму і цяпер яго ведаюць і цэняць. Сорак гадоў, пражытых на Дзятлаўшчыне, былі насычанымі і багатымі на падзеі. Але апошні запіс у працоўнай кніжцы былога старшыні яшчэ не зроблены: Віктар Сцяпанавіч Новік да гэтага часу ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю работнікаў спажывецкай кааперацыі раёна. Калегі жадаюць яму плённай працы на прафсаюзнай ніве.
І. КАЎКЕЛЬ
НА ФОТАЗДЫМКУ: старшыня прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства В. Новік.
Фота прадастаўлена філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства