Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як на працу дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях быў прыняты Анатоль Раманенка. Сюды ён прыйшоў не “зялёным” хлопцам: за плячыма была тэрміновая служба ў войсках супрацьпаветранай абароны, а пасля дэмабілізацыі – служба прапаршчыкам у гезгалаўскай ракетнай часці. Так што пра адказнасць, дысцыпліну, таварыскасць ведаў не па кінастужках ці кніжках.
Але служба ў войску – гэта адно, а быць ратаўніком – зусім іншае. Таму апекавацца над новенькім стаў Сяргей Іванавіч Чыгір, начальнік каравула. І сёння Анатоль Раманенка з удзячнасцю прыгадвае яго навуку.
Сяргей Іванавіч ужо адслужыў, цяпер на пенсіі, але калі даводзіцца былому вучню сустрэцца з ім у горадзе, ёсць пра што перамовіцца. Дзякуючы першым настаўнікам, з ліку якіх таксама Уладзімір Уладзіміравіч Баковіч, Аляксандр Іванавіч Дземяноўскі, малады ратаўнік набыў вопыт, адчуў упэўненасць, навучыўся хутка ацэньваць сітуацыі і прымаць правільныя, дакладныя рашэнні.
Дыспетчар пажарнай службы не займаецца непасрэдна ліквідацыяй надзвычайнай сітуацыі, але менавіта ён першы прымае паведамленне пра здарэнне і бяду. Менавіта ён першы бярэ на сябе людскую роспач, страх, разгубленасць. Менавіта ад дыспетчара залежыць, як хутка будуць прыняты патрэбныя меры для ратавання людзей і не толькі іх.
Разам з Анатолем Пятровічам спрабую падлічыць, колькі ж ён за 20 гадоў службы прыняў званкоў. Аказалася, што каля 20 тысяч. Былі сярод іх тэлефанаванні і вельмі прыемныя: людзі дзякавалі за аператыўнасць і прафесіяналізм. Нездарма Анатоль Раманенка два гады таму, у 2015-ым, адзначаны медалём “За бездакорную службу”.
Урэшце, гэта не зусім праўда, што Анатолю Раманенку не даводзіцца ўдзельнічаць у выратавальных аперацыях. У непасрэдным тушэнні пажараў – не, а вось вырашаць самыя розныя надзвычайныя сітуацыі прыходзіцца. І сур’ёзныя, і кур’ёзныя.
— Аднойчы хлапчук, гадоў дзесяці, надзеў на палец пярсцёнак, а зняць яго ўжо не змог. Нічым не змаглі дапамагчы і ў “хуткай дапамозе” бальніцы, бо палец ужо надта распух, — распавядае Анатоль Пятровіч. – Прывезлі да нас – ратуйце! Давялося раскусваць пярсцёнак спецыяльным інструментам.
Сёння, праз гады, здарэнне прыгадваецца з усмешкай. Той хлапчук, пэўна, ужо заручальны пярсцёнак носіць на пальцы і, можа, не памятае пра тое, як яго выручалі з “палону”.
У дзяцінстве Анатоль таксама быў дасціпным хлапчуком. Сказаць, што марыў аб прафесіі ратаўніка – зманіць. Хацеў быць міліцыянерам, як сябар бацькі – “участковы Вікенцьевіч” — Вікенцій Вікенцьевіч Луня. Але спадабалася служба ў войску: не зведаў ні “дзядоўшчыны”, ні занадта выслужлівых камандзіраў. Паспяхова служылася ў Ленінградзе, Архангельску, Яраслаўлі, Кастраме, Гезгалах. І, магчыма, сёння Анатоль Раманенка быў бы ўжо пры высокім званні, калі б ракетчыкаў з Гезгалаў не вывелі ў Чыту.
На той час Анатоль быў жанаты на дзятлаўчанцы, і свой выбар зрабіў дзеля яе – застацца ў Беларусі. Да таго ж і сваіх бацькоў не хацелася пакідаць без падмогі.
Сёння Анатоль для бацькоў – Пятра Іванавіча і Ганны Іванаўны – апора і падтрымка. Калі выпадае час пасля службы і ёсць патрэба дапамагчы чымсьці родным, садзіцца Анатоль Пятровіч на веласіпед і коціць з Гезгалаў у родную вёску.
Адсюль, з Вусця, бацькі некалі выпраўлялі сына ў самастойнае жыццё. А самастойным Анатолю давялося стаць рана: у той час дзяцей з Вусця, чалавек восем, для прадаўжэння вучобы накіравалі ў Дзятлаўскую школу-інтэрнат. Так што бацькоўскую хату пакінуў вельмі рана.
Здаецца, было гэта зусім нядаўна, а ўжо, лічы, прыспеў час свайго самага меншага сына Ігара выпраўляць, як кажуць, у людзі. У наступным годзе ён заканчвае школу, марыць стаць ваенным. Двое першых дзяцей – Дзмітрый і Кацярына – ужо маюць прафесіі. Дзмітрый служыць у Гомелі, у памежным атрадзе, а Кацярына працуе медсястрой у Гезгалаўскай амбулаторыі.
Пэўна, прыхільнасць да вайсковага занятку перадалася сынам у спадчыну ад бацькі. Дзмітрый ужо ходзіць пад лейтэнанцкімі пагонамі.
Аб тым, што не спраўдзілася ўласнае вайсковае жыццё, Анатоль Пятровіч не шкадуе. Відаць, так было наканавана лёсам: насіць форму не вайскоўца, а супрацоўніка пажарнай службы. Службе ратавання ён, нагадаю, прысвяціў 20 гадоў бездакорнай службы.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Б. ВАРНЫ