Яна прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Парадак дня сесіі складваецца з дакладаў трох агульных камітэтаў: па палітычных пытаннях і бяспецы; па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі; па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. Рэзалюцыі, прынятыя па выніках дыскусій, будуць пакладзены ў аснову Мінскай дэкларацыі, у якой будуць сфармуляваны рэкамендацыі для нацыянальных урадаў, парламентаў і міжнароднай супольнасці па рэагаванні на актуальныя выклікі і пагрозы, што паўстаюць перад імі. На сесію прыбылі больш за 600 гасцей з амаль 60 дзяржаў — удзельніц АБСЕ і партнёраў АБСЕ. У адкрыцці сесіі прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка бачыць неабходнасць рэфармавання АБСЕ і ўзмацнення яе ролі ў вырашэнні канфліктаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
«АБСЕ ўнікальна, і я ўпэўнены, што яна павінна рэагаваць на вострыя моманты ў нашым рэгіёне, і рэагаваць на самым высокім узроўні, на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Але паглядзіце, колькі негатыўнага адбылося за апошні час у Еўропе. І якая рэакцыя наша, кіраўнікоў дзяржаў? Ніякай. Вайна ідзе ў Еўропе — ніякай рэакцыі. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас у арганізацыі ёсць праблемы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Праблемы трэба вырашаць у пачатку, як і хваробу трэба лячыць у самым пачатку. Калі мы запускаем гэты працэс, вы ведаеце, да чаго гэта прыводзіць. На такія канфлікты трэба рэагаваць, і рэагаваць сур’ёзна. Сёння ўсё больш і больш паўстае пытанне аб рэфармаванні АБСЕ, каб зрабіць яе больш дзейснай, рашучай», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што парламентарыі АБСЕ рэгулярна праводзяць сесіі і абмяркоўваюць праблемы ў рамках сваіх паўнамоцтваў. «Хацелася б, каб дэпутаты падштурхнулі і нас да абмеркавання гэтых актуальных праблем», — сказаў ён.
«Наспела крайняя неабходнасць сустрэч кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ для абмеркавання вельмі важных і сур’ёзных праблем. Калі гэта тэма знойдзе сваё развіццё і прадаўжэнне ў час работы ў Мінску Парламенцкай асамблеі АБСЕ, буду вельмі ўдзячны. Думаю, гэта будзе на карысць нашаму рэгіёну», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.