З чаго складаецца ідэальнае лета падлетка?

Падзеі

Ёсць шмат магчымасцяў правесці незабыўнае, напоўненае новымі ўражаннямі лета. Якімі ж павінны быць канікулы дзяцей? Гэта пытанне актуальна для бацькоў, якія імкнуцца адарваць дзяцей ад камп’ютара, зрабіць іх адпачынак цікавым і актыўным. На дапамогу дарослым заўсёды гатовы прыйсці ўстановы адукацыі, як, напрыклад, гімназія №1 г. Дзятлава.

На базе гімназіі традыцыйна працуе летнік «Эрудыт», які штогод забяспечвае цудоўным летнім адпачынкам каля 25 навучэнцаў 6-9 класаў. 2017 год адметны тут работай над праектам «Карта адкрыццяў лета». Педагагічны калектыў зрабіў усё магчымае, каб кожны дзень у лагеры быў асаблівы: прадугледжаны разнастайныя экскурсіі, турысцкія сцяжынкі, спартыўныя гульні. Вялікая ўвага надаецца прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы дрэнных звычак. На розных мерапрыемствах дзеці атрымліваюць слушныя парады, якія дапамогуць ім заставацца здаровымі і моцнымі. Фізічнае выхаванне займае важнае месца сярод накірункаў работы «Эрудыта», аб чым сведчаць дасягненні вучняў на раённай спартакіядзе. Гімназісты сталі абсалютнымі пераможцамі спаборніцтваў па настольным тэнісе, шашках, шахматах.

Асноўным накірункам дзейнасці гімназіі з’яўляецца развіццё інтэлектуальных здольнасцяў навучэнцаў, таму ў летніку «Эрудыт» дзейнічаюць «Клуб юных матэматыкаў» і «Інтэлектуальны клуб». Адна з іх важных асаблівасцяў — зменны склад удзельнікаў, што дапамагае дзецям па чарзе наведваць і адзін, і другі клубы, каб развівацца ўсебакова. Нельга не адзначыць турысцка-краязнаўчую дзейнасць «Эрудыта». Вучні задаволены паездкай у Гродна. Аб вандроўцы расказала Яўгенія Лявончык, якая не першы год наведвае летнік:

— Там было цудоўна! Для нас ладзілі аглядавую экскурсію па горадзе. У час яе мы даведаліся шмат цікавага пра гісторыю Гродна, пабачылі культурныя помнікі — парк Жылібера, тэатр. Не менш цікава было наведаць сінагогу шаснаццатага стагоддзя, тым больш што мяне цікавяць рэлігійныя традыцыі іншых канфесій. Весела было ў спартыўным клубе «Снайпер». Мы дзве гадзіны гулялі ў пейнтбол.

У летніку вучні не толькі цудоўна бавяць вольны час, але і дзеляцца сакрэтамі добрага адпачынку з іншымі. Юныя «эрудыты» стварылі свой блог на сайце гімназіі і з задавальненнем расказваюць пра ўсе цікавыя мерапрыемствы.

З чаго складаецца ідэальнае лета падлетка? Я прыйшла да высновы, што яго складальнікі — сябры, адпачынак і, вядома, летнік «Эрудыт».

М. КАСКО,

выпускніца гімназіі №1 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *