Вандроўкі. Падарожнічайце самі, падарожнічайце з намі!

Падзеі

Летнія экскурсійныя паездкі ўжо сталі традыцыйнымі для ўдзельнікаў клуба «Нам гады не бяда», які функцыянуе на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Лета-2017 пачалося з паездкі ў вёску Горка Дзятлаўскага раёна. У гэтай паездцы да нас, пенсінераў, далучылася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» і валанцёры таварыства Чырвонага Крыжа.

На пачатку мы накіраваліся да знакамітых камянёў, якія знаходзяцца на гары. Згодна з традыцыяй, прапаўзлі пад імі тры разы. Пасля чаго наведалі маленькую каплічку, якая знаходзіцца побач. За капліцай у некалькіх метрах ад камянёў мы ўбачылі старыя крыжы, заржавелыя ад часу і непагадзі. Крыху пастаялі і памаліліся гэтаму месцу, затым накіраваліся да святой крыніцы. Старажылы лічаць яе гаючай і могуць расказаць, ад якіх хваробаў дапамагае сцюдзёная крынічная вада. А мы, назапасіўшы вады і прыемных уражанняў, вырашылі, што прыспеў час вяртацца дахаты.

Па дарозе разважалі, што многія карэнныя жыхары Дзятлаўшчыны здзіўляюцца, калі чуюць, што ў нашым раёне ёсць такія святыя мясціны, як вёска Горка. Сюды прыязджаюць людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі і нават з-за мяжы. Нам таксама прыемна было далучыцца да гістарычнай спадчыны продкаў, адчуць дух святога месца.

У бліжэйшых планах клуба «Нам гады не бяда» — наведванне аграсядзібаў Дзятлаўскага раёна і паездка ў Свята-Елісееўскі Лаўрышэўскі манастыр, што на Навагрудчыне. «Падарожнічайце самі, падарожнічайце з намі!» — адзін з дэвізаў клуба, і мы запрашаем актыўных, жыццярадасных людзей залатога ўзросту далучацца да нашага аб’яднання.

Г. КАСЦЮК, Т. ЗІНКЕВІЧ,

спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *