У Міжнародны дзень абароны дзяцей свята завітала да пацыентаў дзіцячага аддзялення Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
У час раённай дабрачыннай акцыі «Рука да рукі» маленькіх пацыентаў наведалі валанцёры грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз жанчын» і «Беларускі дзіцячы фонд».
Хутчэй папраўляцца, больш не хварэць і радавацца летняму сонейку дзецям пажадала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка.
У ролі добрага чараўніка выступіла А. В. Радомская. Яна прапанавала дзецям развеяць усе праблемы і хваробы.
У якасці дапаможнага сродка хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі бляшаначкі з мыльнымі пузырамі. Хутка лопаюць пузыры — няхай гэтак жа хутка адступаюць праблемы. Затым Алена Вікентьеўна заклікала жадаючых атрымаць паштоўкі-рэцэпты, якія дапамагаюць палепшыць настрой. Сапраўды, цікава і весела было чытаць атрыманыя пасланні. Тым, хто яшчэ не ведае літары, дапамагалі старэйшыя сябры.
Напрыканцы сустрэчы ўсе юныя пацыенты аддзялення атрымалі ад валанцёраў салодкія падарункі.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара