У Гродне прайшла штогадовая спартакіяда абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». Яна ладзілася ў маляўнічым куточку прыроды на беразе Нёмана на тэрыторыі базы адпачынку «Купалінка» і доўжылася тры дні. У спаборніцтвах прынялі ўдзел прадстаўнікі раённых арганізацый ГА «БелТІ» Гродзенскай вобласці.
Турбаза сустракала асаблівых спартсменаў свежым паветрам і добра арганізаваным безбар’ерным асяроддзем. Пазмагацца за кубак спартакіяды прыехалі 85 людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзятлаўшчыну на абласных спаборніцтвах прадстаўляла каманда ў складзе спартсменаў — Аляксандры Паўлусенка, Анатоля Кеця, Анатоля Ляпешкі, Ульяны Лукашэня, Аляксандра Дзям’янцава і кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі.
На пачатку спаборніцтваў прысутных павітаў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БелТІ» Васіль Лукашэвіч. Ён зазначыў, што традыцыйна мерапрыемства праводзіцца, каб аб’яднаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. За тры дні яны паспеюць пазнаёміцца, пасябраваць і надалей будуць падтрымліваць сувязі.
Спартакіяда ладзілася па наступных відах спорту: дартс, настольны тэніс, гарадкі, алімпійскія кольцы, армрэслінг, боўлінг, шашкі. Акрамя спартыўных баталій, тут праводзілася дыскатэка. Суддзя спаборніцтваў прачытаў асаблівым спартсменам лекцыю па агульнафізічнай рэабілітацыі і паказаў комплексы практыкаванняў для пазбаўлення ад болю.
Таксама прайшоў семінар-вучоба для спецыялістаў раённых арганізацый, па праблемах інвалідаў.
Напрыканцы падвялі вынікі сустрэчы. Спартсменка дзятлаўскай каманды Аляксандра Паўлусенка атрымала дыплом трэцяй ступені за ўдзел у спаборніцтвах гарадкі. Спартсмены атрымалі медалі і прызы.
Дзятлаўская раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў вельмі ўдзячна аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за падрыхтоўку спартсменаў і выдзелены для паездкі транспарт.
В. БЕРДНІКАВА,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў