Сям’я Родзькіных: жыццё пад знакам чырвонага крыжа

Падзеі

Сёлета спаўняецца 35 гадоў, як сямейны дуэт загадчыка хірургічнага аддзялення Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Івана Міхайлавіча і доктара-педыятра Ірыны Станіславаўны Родзькіных працуе на Дзятлаўшчыне. Увесь гэты час, верныя клятве Гіпакрата і клятве быць разам у горы і радасці, крочаць яны па жыцці. 

Родам дактары з розных куткоў Беларусі: Ірына Станіславаўна — з Гродзенскага раёна, аграгарадка Парэчча, Іван Міхайлавіч — з Магілёва. Іх лёсы аб’яднаў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Гісторыя знаёмства студэнтаў-медыкаў даволі цікавая. Звярнуць адзін на аднаго ўвагу ім дапамагла надзвычайная сітуацыя ў студэнцкім інтэрнаце. У той дзень вадою заліло пакой сушкі бялізны. Ірына разам з некалькімі студэнткамі дапамагала «эвакуіраваць» бялізну на паддашак. Дзяўчаты не ведалі, што ў іх сяброўкі фобія вышыні. Спусціцца назад Ірына адмаўлялася з-за страху. На дапамогу сяброўкі паклікалі свайго знаёмага — Івана. Ён, як сапраўдны джэнтэльмен, працягнуў Ірыне руку дапамогі, а праз пэўны час прапанаваў ёй руку і сэрца. Праўда, да гэтага быў яшчэ перыяд рамантычных сустрэчаў, кветак, падарункаў. І варта зазначыць, што для сваёй каханай Іван нічога не шкадаваў. Ён мог патраціць усю стыпендыю на дарагія духі і пайсці разгружаць вагоны. Былыя аднакурсніцы і цяпер у час сустрэчаў успамінаюць смак цукерак, якімі іх частаваў Іван. Сваю каханую ён акружыў цеплынёй і клопатам. Ірына хутка зразумела, што Ваня — яе «другая палавінка». На трэцім курсе яны згулялі вяселле.

Пасля заканчэння ўніверсітэта паўстала пытанне: куды далей? Ірыну Станіславаўну вабіла ў горад Гродна, каб быць бліжэй да бацькоў. А Іван Міхайлавіч хацеў на перыферыю, дзе хірург можа свабодна практыкаваць. На сямейным савеце вырашылі, што хірургу, сапраўды, неабходна практыка. У інтэрнатуру паехалі ў Слонім. А ў Дзятлава прыехалі адпрацоўваць неабходныя тры гады.

— Як засталіся тут на 35 гадоў — незразумела, — разважае Ірына Станіславаўна. — Першыя ўражанні пра пасёлак былі не лепшыя. Для мяне самым важкім аргументам са знакам мінус было тое, што ў Дзятлаве няма грамадскага транспарту. Аднак паступова адносіны да гарадскога пасёлка пачалі мяняцца. Бацькі прыязджалі, хвалілі, як тут хораша і спакойна. Мы пачалі прывыкаць, знаёміцца з людзьмі, уцягвацца ў работу, а яе ў раённым цэнтры заўсёды хапае і для педыятра, і для хірурга. Прапановы наконт іншага месца работы, безумоўна, паступалі, неяк нават мы вырашылі паехаць у Анголу, але адгаварылі сябры-медыкі.

Наша размова плаўна пераходзіць у прафесійнае русла. Цікаўлюся ў Ірыны Станіславаўны і Івана Міхайлавіча, ці добра, калі ў сям’і адразу два доктары? У адказ чую:

— Гэта выдатна. Мы разумеем адзін аднаго з паўслова, не даводзіцца сварыцца з-за спазненняў з работы, начных выклікаў, бо абодва ведаем — гэта прафесійная неабходнасць. Ну, і параіцца ёсць з кім, рабочыя праблемы абмеркаваць.

Наогул, хто сказаў, што ў нашай сям’і толькі два медыкі? Нас ужо 10! Сярод родных няма пакуль толькі гінеколага, а так — маленькая бальніца. А нашы сын і дачка, наадварот, выбралі сабе іншыя прафесіі. Ім рана давялося стаць самастойнымі з-за нашай занятасці. У дзяцінстве дачка нават казала: «Не ведаю, кім стану, калі вырасту, але дакладна не медыкам».

Але Родзькіны не губляюць надзеі, што хто-небудзь з унукаў (а іх пакуль трое) абавязкова выбера для сябе медыцынскую прафесію. Самі яны за ўсе гады практыкі ні разу не расчараваліся ў медыцыне, нягледзячы на многія цяжкасці. А на тэму недахопу вольнага часу і прафесійнага «будзь гатовы» Іван Міхайлавіч і Ірына Станіславаўна Родзькіны могуць прыводзіць шмат жыццёвых прыкладаў. Найбольш тыповы з іх:

— Калі мы едзем адпачываць, абяцаем адзін другому, што нікому не скажам, кім працуем, будзем проста адпачываць. Аднак ужо праз дзень-два ўся база ведае, што цёця Ірына — педыятр, а дзязя Іван — хірург. Немагчыма заставацца раўнадушнымі, калі дзеці пачынаюць хварэць, калі дарослым патрэбна тэрміновая дапамога.

Цікаўлюся ў Івана Міхайлавіча і Ірыны Станіславаўны пра сямейныя традыцыі, каштоўнасці, захапленні. Родзькіны зазначаюць, што галоўная з сямейных каштоўнасцяў дасталася ў спадчыну ад бацькоў — гэта вера ў Бога. Нягледзячы на тое, што Іван Міхайлавіч праваслаўны, цяпер ён разам з жонкай ходзіць у касцёл. Разам імкнуцца выконваць божыя запаведзі, ды і сямейныя ўрачыстасці таксама цесна звязаны з рэлігійнымі святамі і традыцыямі.

Важнае значэнне ў сям’і Родзькіных мае слова «нашы». Да гэтай катэгорыі яны адносяць родных, сяброў, аднакурснікаў, тых, каму неабходна дапамога. І калі ў каго-небудзь здараецца сур’ёзная праблема, Ірына Станіславаўна і Іван Міхайлавіч спяшаюцца дапамагчы, падтрымаць.

Летам падворак сям’і стракацее кветкамі. Яны — самае вялікае захапленне Ірыны Станіславаўны. Кветкі муж і жонка прывозяць адусюль.

Новае захапленне Ірына Станіславаўна пераймае ад мужа. Гэта — рыбалка. Аказалася, што сядзець разам на беразе з вудамі таксама вельмі прыемна і цікава.

Ну, і вядома, нязменная традыцыя сям’і — гэта Дзень медыцынскіх работнікаў. Яго Родзькіны адзначаюць кожны год. Перайначыць традыцыю не дазваляюць родныя і сябры, якія абавязкова прыязджаюць з віншаваннямі.

Карыстаючыся выпадкам, Ірына Станіславаўна і Іван Міхайлавіч Родзькіны віншуюць ранейшых і цяперашніх сваіх калегаў з прафесійным святам. Як медыкі са шматгадовым стажам, зычаць ім самага каштоўнага — моцнага здароўя, а яшчэ — цярпення, мудрасці, удачы і асалоды да такога простага і такога складанага жыцця.

І. КАЎКЕЛЬ

НА ФОТАЗДЫМКУ: Іван Міхайлавіч і Ірына Станіславаўна Родзькіны.

Фота Б. ВАРНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *