Сёлета адзначыла сваё 80-годдзе настаўніца пачатковых класаў Ганна Іванаўна Емяльянчык — добры, чулы, спагадлівы чалавек.
Нарадзілася Ганна Іванаўна 1 чэрвеня 1937 года на хутары Каранік (раней Стралянскі сельскі савет, цяпер — Жукоўшчынскі) у сям’і сялян. З дзяцінства зведала смак сірочага хлеба, бо ў гадавалым узросце страціла маці. Пазней бацька жаніўся другі раз. Дзяўчынка, калі падрасла, дапамагала дарослым па гаспадарцы, даглядала братоў.
Вучылася Ганна ў Алёхнавіцкай пачатковай школе. Яна была вельмі дапытлівай, любіла чытаць. Пачатковую школу закончыла на выдатна. На той час у Ганны з’явілася мара — стаць настаўніцай, прысвяціць сваё жыццё ганаровай і патрэбнай прафесіі.
Далей была вучоба ў Стралянскай сямігадовай школе. Жаданне самой вучыць дзяцей расло з кожным годам. Таму пасля заканчэння школы Ганна паступіла ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Вучоба давалася лёгка, і дзяўчыну напаўняла радасць ад таго, што хутка адбудзецца яе першая сустрэча з вучнямі. Працоўную дзейнасць Ганна Іванаўна пачала ў Радунскім раёне, у невялікай вёсачцы Салтанішкі на самай мяжы з Літвой.
У час водпуску на малой радзіме сустрэлася са сваім будучым мужам Расціславам, з якім разам жывуць ужо шмат гадоў. Падтрымліваюць адзін аднаго ў горы і радасці: разам вялі гаспадарку, гадавалі дзяцей, гаравалі, калі страцілі сына, хваляваліся, калі сыны (а іх трое) прывозілі знаёміцца нявестак. Цяпер Ганна і Расціслаў — шчаслівыя бабуля і дзядуля. Яны дачакаліся нараджэння шасці ўнукаў і васьмі праўнукаў.
Пасля замужжа Ганна Іванаўна пераехала ў вёску Дубраўка, дзе працавала ў мясцовай пачатковай школе. Там жа настаўніцы быў адведзены невялікі пакойчык. Успамінае, што працаваць у тыя гады было цяжка. Дзеці часта прапускалі вучэбныя заняткі, бо трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы. У сельскай мясцовасці работы хапала. На той час у вёсцы не было радыё, электрычнасці.
Побач са школай знаходзіўся помнік героям Вялікай Айчыннай вайны. Вучні разам з Ганнай Іванаўнай падтрымлівалі там парадак, садзілі кветкі. Настаўніца са слязамі на вачах успамінае гэтыя падзеі, таму што ў вайну страціла бацьку. У 1943 годзе яго забралі на прымусовыя работы ў Германію. Пазней Ганна Іванаўна даведалася, што родны ёй чалавек памёр у канцлагеры, там і пахаваны ў агульнай магіле. Аднак яго імя ўвекавечана на помніку ў аграгарадку Хвінявічы.
У 1976 годзе Ганне Іванаўне прапанавалі работу ў Жыбартоўскай сярэдняй школе выхавальнікам у групе падоўжанага дня. Пазней пяць гадоў адпрацавала ў вёсцы Разважжа і зноў вярнулася ў Жыбарты. Калі заставалася два гады да пенсіі, школу закрылі. Настаўніца перастала працаваць, але не страціла любоў да сваёй прафесіі. Цяпер усе сілы і энергію яна скіравала на сваю сям’ю.
Ганна Іванаўна любіць вясковае жыццё, прыроду роднага краю, простых і сціплых людзей — сваіх аднавяскоўцаў. У вёсцы Русакі, дзе цяпер жыве былая настаўніца, яе паважаюць.
Ганна Іванаўна памятае сваіх вучняў, ганарыцца імі. За плённую працу, актыўны ўдзел у жыцці школы, выхаванне падрастаючага пакалення настаўніца мае ўзнагароды. Калегі і знаёмыя жадаюць Ганне Іванаўне Емяльянчык актыўнага даўгалецця.
Т. ЖЫНКО,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы