Родны куточак зямлі: вёска Руда Яварская

Падзеі

У кожнага чалавека ёсць найдаражэйшая мясціна – дзе ён нарадзіўся, вырас, адкуль пайшоў на шырокія прасторы жыцця. Радзіма! Мая Радзіма размясцілася па берагах рэчкі Пад’яваркі – вёска Руда-Яварская. У гэтай вёсцы жылі мае бацькі, старэйшыя сёстры, сябры, тут я вучыўся ў школе.

Хачу нагадаць, магчыма, каму-небудзь і невядомыя падзеі, даты з жыцця маёй вёскі, яе людзей. Вядома, што у канцы 18 стагоддзя пачалі ўзнікаць прамысловыя прадпрыемствы – мануфактуры. Заснавальнікамі і ўладальнікамі іх былі магнаты-памешчыкі, працавалі на мануфактурах прыгонныя сяляне. Зямля абапал рэчак Пад’яварка і Чарняўка была багатая на балотную руду. Вось князі Радзівілы, якія валодалі землямі і маёнткам Явар, і вырашылі арганізаваць вытворчасць жалеза. Так на берагах Пад’яваркі ўзнік пасёлак Руда, а перасяленцы з вёскі Явар дадалі да назвы другое слова – Яварская. У вёсцы Гута, за тры кіламетры ад Руды Яварскай, была арганізавана вытворчасць шкляных вырабаў.

У 1923 годзе Руда Яварская ўваходзіла ў склад сельскай гміны Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. Насельнікі вёскі былі вернікамі розных канфесій – пераважна праваслаўныя і католікі. Потым з’явіліся і яўрэйскія пасяленцы. Пабудаваны драўляны касцёл Святога Іосіфа быў асвечаны ў жніўні 1938-га. Найбольшы ўклад у развіццё мясцовай духоўнай культуры зрабіў свяшчэннік Уладзіслаў Канстанцінавіч Аношка (1902-1941). Ён з’яўляецца аўтарам трактата “Учение Петра Могилы о церкви и её иерархии”. Пасля прыходу савецкай улады ў канцы верасня 1939 года касцёл быў перададзены праваслаўным вернікам. Царква існавала ў гэтым будынку з 1939-га па 1976 год. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны У. Аношка значыўся як рэктар мясцовай царквы і адміністратар прыхода Руда Яварская. Свяшчэннік як мог абараняў мясцовых прыхаджан ад гвалту акупацыйнай улады. У кастрычніку 1941 года яго арыштавалі гестапаўцы і расстралялі. У 1976 годзе памяшканне касцёла-царквы было аддадзена для патрэбаў  мясцовага калгаса – пад склад. Будынак вернуты каталіцкім вернікам  у 1989 годзе. Для праваслаўных вернікаў па ініцыятыве тагачаснага старшыні мясцовага калгаса “Перамога” Міхаіла Іванавіча Ламакі была абсталявана і асвечана праваслаўная царква. Царкву размясцілі ў недабудаваным будынку для былога дырэктара школы Сяргея Іванавіча Клімко. Свята-Міхайлаўская царква пачала дзейнічаць з 1991 года.

Пра ўдзел жыхароў вёскі Руда Яварская ў Вялікай Айчыннай вайне вельмі падрабязна расказана ў кнізе былога дырэктара школы Аляксея Пятровіча Шчарбацэвіча “Край, дзе ўзнімаюць крылы буслы”. Яна выдадзена ў 2014 годзе і змяшчае шмат успамінаў мясцовых жыхароў. Так, дзякуючы пошукавай рабоце вучняў (ужо былой Рудаяварскай сярэдняй) школы пад кіраўніцтвам Людмілы Мікалаеўны Лапата, стала вядома аб гераічнай барацьбе партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Ёселя Атласа.

Вяскоўцам запомніўся і летні дзень 1965 года. Многія чулі пікіруючы гул самалёта. Выбеглі на вуліцу і ўбачылі, што ў накірунку ад касцёла да калгаснага саду падае самалёт. Праз імгненне пачуўся выбух. Кінуліся да месца выбуху, але тут жа спыніліся: пачалі ўзрывацца боепрыпасы самалёта. Праз колькі часу на верталётах прыбылі прадстаўнікі камандавання лётнай часці. Аказалася, што лётчык-пілот 1 класа 979-га Ваўкавыскага знішчальнага палка капітан Крычмар выконваў трэніровачны палёт. У час палёту на самалёце МіГ-19С здарылася паломка матора.

Хлебаробы, настаўнікі, медыкі, культработнікі, усё мясцовае жыхарства рупілася пра дабрабыт Руды Яварскай. Школа, у прыватнасці, з’яўлялася цэнтрам вясковай цывілізацыі, месцам, адкуль падрастаючыя пакаленні выпраўляліся ў шырокае жыццё. Па-рознаму склаліся лёсы педагогаў і вучняў. І школьных будынкаў таксама. Маўклівымі помнікамі стаяць два корпусы школы. Людзі старэйшага веку помняць, як талакою ўзводзілі драўляную спартыўную залу і мураваны будынак школы. У гэтай школе вучыліся дзеці, якія былі пераможцамі і раённых алімпіяд ды конкурсаў, і абласных. Да прыкладу, з 5-га па 8-ы клас у школе вучыўся Генадзь Рыгоравіч Мармыш. Цяпер ён вядомы ў рэспубліцы і за мяжою доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры Гродзенскага медуніверсітэта, таленавіты хірург. Закончыла Рудаяварскую школу і старшы выкладчык БДУ Вольга Іванаўна Сячко (Лук’янчык), аўтар звыш 30 падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па хіміі для вучняў і настаўнікаў для школ Беларусі. У чэрвені бягучага года адзначыць свой юбілей выпускніца школы беларуская паэтка Ала Дзмітрыеўна Нікіпорчык. Яна лаўрэат прэміі імя А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” за 2010 год, лаўрэат Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2012 года”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар паэтычных выданняў, сярод якіх “Сляза і малітва”. Цяпер у вёсцы жыве мясцовы паэт Сяргей Аляксандравіч Каско. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы працуе Наталля Валянцінаўна Місарэвіч (Стырнік). Яна загадчыца кафедры грамадзянскага і міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Сярод выпускнікоў Рудаяварскай школы – кіраўнікі сельскагаспадарчых, прамысловых і камунальных прадпрыемстваў, дырэктары школ.

З лёсаў маіх землякоў складваецца лёс роднага краю.

М. ЛУК’ЯНЧЫК,

краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *