Праводзіцца сацыялагічнае даследаванне

Падзеі

З красавіка па лістапад 2017 года ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца рэспубліканскае сацыялагічнае даследаванне «Фарміраванне сям’і, стабільнасць сямейных адносінаў і нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў». Даследаванне носіць шырокамаштабны характар і пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Усяго будзе апытана 10000 пастаянных жыхароў краіны ва ўзросце 18-79 гадоў.

Даследаванне праводзіцца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Нацыянальным каардынатарам праекта з’яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ). Апытанне насельніцтва праводзіцца Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Мэтай даследавання з’яўляецца аналіз змены шлюбна-сямейных адносінаў і сямейных каштоўнасцяў, выяўленне тэндэнцый нараджальнасці, асаблівасцяў дэмаграфічных паводзінаў беларусаў. Інфармацыя, атрыманая ў ходзе даследавання, дазволіць прааналізаваць працэсы фарміравання беларускай сям’і і нараджальнасці, выявіць фактары, якія ўплываюць на рэпрадуктыўныя паводзіны і сямейныя адносіны насельніцтва, распрацаваць навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па ўдасканаленні нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Хатнія гаспадаркі, у якіх павінна быць праведзена апытанне, адабраны выпадкова. У іх ліку можа аказацца і ваш дом або кватэра.

Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта просіць прыняць актыўны ўдзел у правядзенні нацыянальнага даследавання і адказаць на пытанні інтэрв’юераў.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *