На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама: сям’я, дзе гадуюцца дзве дзяўчынкі, 2008 і 2016 гадоў нараджэння, ужо шэсць гадоў знаходзіцца на ўліку як сацыяльна ненадзейная

Падзеі

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны два хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія неналежным чынам выконваюць свае абавязкі. Хадайніцтвы на адрас камісіі паступілі з Баранавіцкага ліцэя і адной з дзятлаўскіх школ.

Сыну будзе лягчэй

Не так даўно на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама выклікалі маці падлетка, які вучыцца ў Баранавіцкім ліцэі. Адміністрацыя навучальнай установы паведамляла, што хлопец мае запазычанасці па аплаце за інтэрнат, пазычае грошы ў майстра і не вяртае, у яго няма прадуктаў харчавання і грошай на білеты, з-за чаго навучэнец затрымліваўся дома, прапускаў заняткі. Тады маці абяцала з’ездзіць у Баранавічы, разабрацца з сітуацыяй. Яе пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18, папярэджвалі, што, калі сітуацыя не выправіцца, сына прызнаюць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Ні адно з ранейшых патрабаванняў камісіі жанчына не выканала. Увесь гэты час яна вяла антыграмадскі лад жыцця, не рэагавала на заўвагі спецыялістаў адказных службаў. Таму чарговае хадайніцтва ліцэя аб прызнанні навучэнца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне члены камісіі падтрымалі адзінагалосна. Цяпер хлопец, які праходзіць вытворчую практыку, будзе на дзяржаўным забеспячэнні, жыць яму стане лягчэй. З гора-маці будуць спаганяць грошы, бо яна стала абавязанай асобай.

Часу было дастаткова

Сям’я, дзе гадуюцца дзве дзяўчынкі, 2008 і 2016 гадоў нараджэння, ужо шэсць гадоў знаходзіцца на ўліку як сацыяльна ненадзейная. Бацькам павінна было хапіць часу наладзіць жыццё, але гэтага не адбылося. Па-ранейшаму па месцы жыхарства сям’і не поўнасцю створаны ўмовы для дзяцей: няма ложка для старэйшай дачкі, адсутнічае халадзільнік і дзіцячае харчаванне захоўваецца пры пакаёвай тэмпературы, вельмі мала харчовых прадуктаў.

Пры гэтым бацькі злоўжываюць алкаголем. Нядаўна на маці, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, быў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што яе п’яную (2 праміле) на вуліцы затрымала міліцыя. Бацька, якому раней раілі прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, парады праігнараваў. Затое не раз хаваўся ад спецыялістаў адказных службаў, якія наведвалі сям’ю, бо быў нападпітку.

З-за пералічаных фактараў рызыкі дзяцей прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер бацькам, калі яны хочуць вярнуць дачок, давядзецца выканаць усе патрабаванні, даказаць, што могуць самі гадаваць дзяцей.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама

І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *