Выстаўка беларускіх вытворцаў «Made in Belarus» пройдзе ў Астане 16-18 жніўня і стане самым маштабным выставачным мерапрыемствам Беларусі ў Казахстане за апошнія пяць гадоў, паведамілі БЕЛТА ў выставачным унітарным прадпрыемстве «Белінтэрэкспа». У буйнейшым выставачным цэнтры «Корме» будзе прадстаўлены шырокі спектр беларускіх тавараў і паслуг (машынабудаванне і прамысловае абсталяванне; сельская гаспадарка і прадукты харчавання; нафтахімічная прамысловасць; дрэваапрацоўка і будаўнічыя матэрыялы; лёгкая прамысловасць; медыцына і фармацэўтыка; спорт і турызм; транспарт і лагістыка; навукова-тэхнічныя дасягненні і адукацыйныя паслугі; інфармацыйныя тэхналогіі і тэлекамунікацыі). Свой удзел у выстаўцы пацвердзілі ўжо дзясяткі прадпрыемстваў-экспарцёраў, сярод якіх флагман Беларускі металургічны завод, СП ААТ «Брэстгазаапарат», канцэрн «Белдзяржхарчпрам», ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі», ААТ «Птушкафабрыка «Дружба», ААТ «Малочны гасцінец», ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат»; ЗАТ «Вітэкс», ААТ «Галантэя» і іншыя кампаніі. Цырымонія адкрыцця выстаўкі беларускіх вытворцаў «Made in Belarus» прымеркавана да Дня Беларусі ў рамках «ЭКСПА 2017». Чакаецца, што ў мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Беларусі, прыме ўдзел афіцыйная дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам краіны. Пры падтрымцы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў час выстаўкі запланавана шырокая дзелавая праграма, у тым ліку беларуска-казахстанскі бізнес-форум. Арганізатар выстаўкі беларускіх вытворцаў «Made in Belarus» у Казахстане — Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Выставачны аператар — унітарнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа». Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Казахстане.