Лета з «Усмешкай», або Арт-праект «Экаград»

Падзеі

Згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, летам 2017 года на базе ўстановаў адукацыі запланавана работа 31 летніка для 1045 дзяцей. Кожная ўстанова адукацыі прапаноўвае сваім навучэнцам аздараўленне ў летніку з дзённым знаходжаннем. Адзін з такіх — летнік «Усмешка», які функцыянуе на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, — наведала карэспандэнтка газеты.

Дырэктар летніка Вольга Францаўна Шмыгін і намеснік дырэктара Алена Уладзіміраўна Калодзіч расказалі, што іх першая змена — гэта 100 навучэнцаў 1-8 класаў, падзеленых на 4 атрады. Яны адпачываюць ва «Усмешцы» з 1 па 24 чэрвеня. Запланавана яшчэ адна змена для 50 дзяцей, якія будуць наведваць летнік з 27 чэрвеня па 21 ліпеня.

З пачаткам змены ў летніку стартаваў арт-праект «Экаград», прымеркаваны да Года навукі. Кожны з 4 атрадаў — гэта «даследчы атрад», якому за змену неабходна сабраць 15 кавалачкаў пазла (па колькасці дзён). Напрыканцы з іх будзе складзена карціна па тэме змены.

У «Экаградзе» тры вуліцы (па колькасці тыдняў праекта). Першая — вуліца «Флоры». На працягу першага тыдня выхаванцы даследуюць флору роднага горада, краіны, планеты, падарожнічаюць па старонках Чырвонай Кнігі, знаёмяцца з прафесіямі, звязанымі з раслінамі, удзельнічаюць у творчых мерапрыемствах. У канцы вуліцы (тыдня) іх чакае Палац навукі, дзе яны будуць трымаць творчую справаздачу, раскажуць пра вынікі сваіх даследаванняў. Такім жа чынам будзе арганізавана работа на вуліцах «Фаўны» і «Птушыных».
Яшчэ наведвальнікаў летніка «Усмешка» чакаюць сустрэчы з цікавымі людзьмі — бібліятэкарамі, ратаўнікамі, інспектарамі інспекцыі па справах непаўналетніх, прадстаўнікамі іншых прафесій. Будуць арганізаваны экскурсіі ў музей «Дзеці ліхалецця», на Бярозаўскі шклозавод «Нёман», у Мірскі замак, у агратурыстычны комплекс «Каробчыцы». Дзеці сходзяць у паходы, паўдзельнічаюць у конкурсах сценгазет і малюнкаў.

Паколькі ў школе шмат увагі надаецца інклюзіі і дзяцей вучаць, што свет адкрыты для кожнага, удзельнікі летніка пабудуць у ролі валанцёраў: наведаюць выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, ветэранаў. А 16 чэрвеня каманда «Усмешкі» прыме ўдзел у міжлагернай спартакіядзе, якая пройдзе на стадыёне «Колас». Юных спартсменаў чакаюць спаборніцтвы па шашках, шахматах, дартсе, валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы і нават скачках на скакалках.

Педагогі клапоцяцца, каб у летніку «Усмешка» кожнаму дзіцяці было цікава і ўтульна. Даведацца пра настрой выхаванцаў яны могуць з дапамогай скрыняў «сумую», «усміхаюся», «пагаворым», куды дзеці апускаюць запіскі. Калі ў выхаванцаў ёсць праблемы, праводзяцца індывідуальныя размовы для іх вырашэння. Ёсць у летніку і чароўнае Дрэва жаданняў, якое дзеці «вырасцілі» разам з педагогамі. Кожны лісточак на дрэве — гэта запіска з пажаданнем дзіцяці аб тым, пра што яно марыць у лагеры. Напрыканцы змены настаўнікі пацікавяцца, ці ажыццявіліся гэтыя мары.

Дарэчы, на сайце школы функцыянуе блог летніка «Усмешка», дзе дзеці і бацькі могуць даведацца пра асноўныя падзеі, выказаць сваё меркаванне. А з карэспандэнткай газеты сваімі ўражаннямі пра адпачынак падзяліліся наведвальнікі «Усмешкі».

Ксенія Калодзіч:

— Тут весела і можна знайсці сяброў. Мне спадабаліся лазертак і наведванне аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзе нашы хлопчыкі на хуткасць апраналі форму ратаўніка. Яшчэ я люблю гуляць у піянербол з іншымі атрадамі.

Вераніка Радзіеўская:

— Тут шмат сяброў, гульні на свежым паветры. Мне спадабаліся наведванне Цэнтра культуры і паказальнае выступленне ратаўнікоў, калі яны дэманстравалі, як працуе пажарная машына. Яшчэ тут шмат цікавых настольных гульняў.

Ксенія Лупач:

— У летніку вельмі цікава. Напрыклад, сёння мы вывучаем расліны, занесеныя ў Чырвоную Кнігу. Цяпер я дакладна ведаю, якія беларускія кветкі нельга рваць, бо яны рэдкія. Учора мы хадзілі па маршрутах і вывучалі раслінны свет нашага горада, знайшлі і сфатаграфавалі першы падбярозавік. Цяпер працуем над фотапрэзентацыяй нашага атрада, якую будзем абараняць.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

Фотаздымкі прадастаўлены СШ №3 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *