Як выконваецца Дэкрэт №18

Падзеі

Яшчэ ёсць праблемныя пытанні

Прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 2006 года №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях». Разгледзелі пытанні аб рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18 на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, аб выкананні ранейшага рашэння каардынацыйнага савета, інфармацыйныя запіскі пракуратуры Гродзенскай вобласці, зацвердзілі план работы на другое паўгоддзе 2017 года.

Старшыня каардынацыйнага савета І. С. Кухарэвіч зазначыў, што ў раёне адпрацаваны механізм работы па ўсіх накірунках рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18, аднак засталіся праблемныя пытанні, якія неабходна вырашыць. Адна з праблемаў — дастаўка да асноўнага месца работы абавязаных асобаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт у ізалятары часовага ўтрымання раённага аддзела міліцыі. Механізм дзеянняў ужо распрацаваны: за арыштаванымі павінны прыязджаць адказныя спецыялісты наймальнікаў. У чарговы раз давядзецца разбірацца, чаму гэтага не адбываецца. Да вінаватых будуць прыняты больш жорсткія меры. Выпадкаў, калі неабходна дастаўляць на работу адміністрацыйна арыштаваных абавязаных асобаў, у раёне не вельмі шмат, таму праблема павінна быць вырашана канчаткова.

Першым разгледзелі пытанне рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18 на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Белаус расказала, што на 1 мая 2017 года на Дзятлаўшчыне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 157 непаўналетніх з 85 сем’яў. Маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны 4 дзяцей з 3 сем’яў. Двое бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў на 1 дзіця. У біялагічныя сем’і вернуты 6 дзяцей з 3 сем’яў. У адносінах да 17 непаўналетніх з 8 сем’яў за першы квартал гэтага года адменена рашэнне аб прызнанні іх у сацыяльна небяспечым становішчы. Уліковыя звесткі абнаўляюцца штомесяц. Ранняе выяўленне сацыяльнага недабрабыту праводзіцца праз аналіз першасных паведамленняў. Так, за 4 месяцы 2017 года ў аддзел адукацыі паступілі 50 такіх паведамленняў з міліцыі, ад медыкаў, з суда, з аддзела па надзвычайных сітуацыях, ад работнікаў электрасетак. Пасля іх аналізу прызнаны сацыяльна небяспечнымі 2 сям’і, у якіх гадуюцца 2 дзіцяці.

Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна А. П. Юркевіч прапанаваў таксама перагледзець спіс ненадзейных сем’яў і звярнуць увагу на тыя з іх, якія стаяць на ўліку больш за 2-3 гады. Калі за такі працяглы час бацькі не справіліся з сацыяльным недабрабытам, у адносінах да іх варта прымаць больш дзейсныя меры.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Ф. Біль расказаў, што на 17 мая 2017 года на ўліку знаходзіліся 40 асобаў, якія абавязаны пагашаць расходы на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. З пачатку года зарэгістраваны 2 матэрыялы для правядзення праверак па артыкуле 174 КК РБ (за ухіленне ад работы 10 і больш дзён). Адна абавязаная асоба асуджана на год. Штодзень да 11 гадзін з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва ўзгадняецца аператыўная інфармацыя па нявыхадах на працу абавязаных асобаў і аб змяшчэнні такіх у ізалятар часовага знаходжання. На жаль, некаторыя адказныя спецыялісты наймальнікаў па-ранейшаму не высвятляюць прычыны прагулаў абавязаных асобаў.

Супрацоўнікі міліцыі трацяць на гэта свой рабочы час. Здараецца, што людзі знаходзяцца на бальнічным.

Згодна з пунктам 1.6 рашэння каардынацыйнага савета ад 29 снежня 2016 года, міліцыя накіравала на адрас наймальнікаў 16 паведамленняў аб тым, што ў ізалятары адбываюць адміністрацыйны арышт абавязаныя асобы, якіх трэба даставіць на асноўнае месца работы. Ні адна такая асоба не была дастаўлена наймальнікамі на работу.

Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна А. П. Юркевіч прапанаваў інфармаваць пракуратуру, калі наймальнікі ігнаруюць паведамленні міліцыі. Будуць выносіцца прадпісанні. Калі і яны не будуць выкананы — вінаватых чакае адміністрацыйнае пакаранне.

З дакладамі выступілі галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы М. С. Максімовіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама А. Р. Васкель. Яны паведамілі, як абавязаныя асобы праходзяць медыцынскі агляд, працаўладкоўваюцца, як адпрацоўваюць прагулы ў выхадныя дні або звыш рабочага часу штодзень. Дарэчы, такія меры аказаліся дзейснымі, бо абавязаныя асобы сталі радзей прапускаць работу.

Чаму не даставілі на асноўнае рабочае месца абавязаных асобаў, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у красавіку-маі 2017 года, расказалі адказныя спецыялісты гаспадарак «Русь-Агра» і «Белагурна».

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Белаус прааналізавала прычыны, з-за якіх абавязаныя асобы працяглы час не пагашалі расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Многія з прычын ужо ліквідаваны, над астатнімі — працуюць.

І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *