Дапамога «Сафіі»

Падзеі

На Дзятлаўшчыне пабылі прадстаўнікі Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» — гуманітарныя валанцёры Пол і Уэндзі Дотсан і выканаўчы дырэктар МДГА «Сафія» Сяргей Зубовіч. Мэтай іх візіту было завяршэнне аднаго з гуманітарных праектаў. Ён рэалізоўваўся ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

У Казлоўшчыне гасцей сустракалі дырэктар дома-інтэрната Ігар Ціхан, дактары псіхіятры-нарколагі ўстановы Ігар Сільчук і Кацярына Сінікова.

Яны расказалі, што першае іх знаёмства з гуманітарнымі валанцёрамі адбылося сёлета ў лютым. Пол і Уэндзі Дотсан прыехалі тады, каб пацікавіцца, як жывуць пацыенты інтэрната, у якіх умовах утрымліваюцца ляжачыя хворыя. Пасля азнаямлення абмеркавалі, якую канкрэтна дапамогу яны могуць аказаць Казлоўшчынскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў. Дамовіліся, што за кошт сродкаў МДГА «Сафія» сюды будуць набыты 12 бакавых сценак для медыцынскіх ложкаў, 50 драўляных крэслаў, якія лёгка дэзынфіцыруюцца, сушыльная шафа для апрацоўкі посуду, два металічныя сцелажы для посуду, дзве электрычныя пліты для харчблока. Заключылі трохбаковыя дамовы — і пастаўшчыкі пачалі выконваць заказы.

Цяпер дом-інтэрнат ужо карыстаецца падарункамі «Сафіі», а госці прыехалі, каб пераканацца, што дапамога прыйшлася дарэчы. З гэтай мэтай накіраваліся ў пакоі насельнікаў, дзе стаяць медыцынскія ложкі з новымі стойкамі і крэслы. Таксама пабылі ў харчблоку. Тут у знак сяброўства Сяргей Зубовіч наклеіў маленькія эмблемы сваёй арганізацыі на падораныя электрапліты.

Дырэктар дома-інтэрната Ігар Ціхан падзякаваў валанцёрам і іх арганізацыі за аказаную дапамогу:

— Выдатна, што ёсць такія людзі, якія самі нас адшукалі, даведаліся, у чым маем найбольшую патрэбу. Дзякуем за абсталяванне. Яно значна аблегчыла работу нашага персаналу.

Госці таксама адказалі на пытанні карэспандэнткі газеты і крыху падрабязней расказалі аб дзейнасці Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія».

— Што сабой уяўляе аб’яднанне «Сафія», як дзейнічае, чаму такая назва?

— Гуманітарная праграма МДГА «Сафія» спансіруецца Гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён. Яна існуе на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў, прадастаўляе дапамогу ў розных кутках свету. Людзі ахвяруюць невялікія сумы. Грошы назапашваюцца і выкарыстоўваюцца на дабрачынныя гуманітарныя праекты ў розных краінах. Праекты курыруюць валанцёры. Звычайна, гэта сямейныя пары, такія ж, як і наша, — расказалі Пол і Уэндзі Дотсан. — Яны жывуць на ўласныя сродкі ў розных краінах і «дапамагаюць людзям, каб у далейшым людзі змаглі дапамагчы сабе самі» (гэта дэвіз нашай арганізацыі).

Гуманітарная дзейнасць уключае ў сябе невялікія праекты, як гэты ў Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце, і буйныя. Напрыклад, сёлета ў верасні на базе Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы мы плануем правесці гуманітарны праект-трэнінг «Першасная рэанімацыя нованароджаных». Удзел у ім прымуць каля 100 спецыялістаў вобласці — неанатолагаў, акушэраў, неанатальных медсёстраў, рэаніматолагаў, дактароў-інтэрнаў, прадстаўнікоў медыцынскіх каледжаў і Гродзенскага медуніверсітэта. Радзільныя дамы і аддзяленні Гродзеншчыны атрымаюць неабходнае абсталяванне для ўстаноўкі вучэбных праграм па рэанімацыі нованароджаных. Ужо набыты 56 падручнікаў, 32 манекены нованароджаных, 7 манекенаў галавы нованароджанага для інтубацыі трахеі. Плануецца набыць іншае неабходнае медабсталяванне. Гэта пяты падобны праект для Беларусі. Папярэднія рэалізаваны ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай абласцях краіны. На чарзе — Міншчына.

Варта падкрэсліць, што»Сафія» не з’яўляецца пастаянным спонсарам той ці іншай установы і не займаецца спонсарскай дзейнасцю. Наша мэта — рэалізацыя гуманітарных праектаў, накіраваных на дапамогу як мага большай колькасці людзей ва ўсім свеце. Напрыклад, кожны год у Беларусі мы рэалізоўваем па 30-35 гуманітарных праектаў для сацыяльных установаў.

Што тычыцца назвы «Сафія», яна перакладаецца з грэчаскай мовы, як «мудрасць». «Сафія» — гэта «мудрая» дапамога людзям, якія маюць у ёй найбольшую патрэбу.   

Гутарыла І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *