Азбука бяспекі: адпачываем на вадзе правільна

Падзеі

Больш за іншых у небяспеку на вадзе могуць патрапіць дзеці. Менавіта таму, адпраўляючыся з дзеткамі на вадаём, растлумачце ім, як трэба сябе паводзіць. Сачыце за імі, заўсёды будзьце напагатове, бо дапамога можа спатрэбіцца малому ў любы момант.

Не нырайце з разбегу, заходзьце ў ваду паступова. Калі вы шмат часу правялі на сонцы, не спяшайцеся: адыдзіце ў цень, астыньце і толькі потым ідзіце плаваць.

Ні ў якім разе не заходзьце ў ваду ў час навальніцы. Калі плаваеце дрэнна, трымайцеся бліжэй да берага, каб у любы момант дакрануцца да дна нагамі.

Калі вы адчулі, што звяло нагу, не панікуйце: зрабіце глыбокі ўдых і акуніцеся пад ваду з галавой. Ухапіце рукой вялікі палец на назе і моцна цягніце ступню на сябе, адразу ж плывіце да берага.

Перашкодзіць купанню могуць падводныя расліны. Калі заблыталіся, трымаючыся на плаву, спакойна падцягніце ногі і асцярожна вызваліцеся ад іх.

Калі вы пачалі тануць, трымаць сябе ў руках вельмі складана, аднак неабходна. Не боўтайцеся, супакойцеся і перавярніцеся на жывот або на спіну, раскіньце як мага шырэй рукі і ногі – так вы ўсплывяце на паверхню. Лежачы на спіне, дыхайце павольна і глыбока. Не выдыхайце да канца, у лёгкіх заўсёды павінна заставацца паветра, яно будзе падтрымліваць вас на вадзе. Рукамі злёгку заграбайце ваду пад сябе, гэта таксама дапаможа заставацца на плаву. Крыху адпачнуўшы, плывіце да бліжэйшага берага.

На вадзе забараняецца:

* заплываць за знакі агароджы і папераджальныя знакі;

* купацца і ныраць у забароненых і невядомых месцах;

* купацца ў стане алкагольнага ап’янення;

* скакаць у ваду з дамбаў, пірсаў, катараў, лодак, плытоў;

* дапускаць свавольствы, звязаныя з ныраннем і захопам канечнасцяў;

* узбірацца на буі і тэхнічныя збудаванні;

* падаваць ілжывыя сігналы бедства;

* перамяшчацца ў лодцы з месца на месца пры катанні;

* выкарыстоўваць для плавання дошкі, бярвенне, надзіманыя матрацы, камеры аўтамашын і іншыя дапаможныя сродкі;

* забруджваць і засмечваць вадаёмы.

А. БЕЛЕНКА,

інспектар Дзятлаўскага РАНС

У. БАРАВІК,

старшыня раённага таварыства ратавання на водах



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *