Артысты з Шаркаўшчыны прыўнясуць традыцыі Купалля ў свята Ліга

Падзеі

Навучэнцы і педагогі Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў паедуць у Латвію, каб разам з суседзямі адзначыць латвійскае свята Ліга — аналаг нашага Купалля, паведамілі ў райвыканкаме.

У ноч Ліга 23 чэрвеня на эстрадзе ў пасёлку Вішкі Даўгаўпілскага краю пройдзе традыцыйнае свята, гледачоў чакае тэатралізаванае прадстаўленне, святочны канцэрт, базарчык, танцы ля вялікага вогнішча і, вядома ж, вянкі, піва і сыр. А напярэдадні днём у зале Вішкскага тэхнікума адбудзецца сумесны канцэрт выхаванцаў і педагогаў дзіцячай школы мастацтваў з Шаркаўшчыны і мастацкай і музычнай школы пасёлка Шпогі (цэнтр Вішкскай воласці), на якім прагучаць народныя песні Ліга і Купалля.

«Наша дэлегацыя з 24 чалавек ужо 18 чэрвеня адправіцца ў Шпогі, дзе будзе арганізаваны сумесны летнік разам з латвійскімі сябрамі. Юныя мастакі будуць занятыя на пленэры, вынікам якога стане выстава карцін. А беларускія цымбалісты, баяністы і акардэаністы аб’яднаюцца з хлопцамі, якія гуляцьмуць на латвійскіх народных інструментах, і створаць ансамбль, які таксама выступіць на свяце Ліга», — патлумачыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Іна Шынкевіч.

Супрацоўніцтву паміж школамі мастацтваў двух раёнаў ужо тры гады, праходзілі ўзаемныя візіты, пленэры на абедзвюх тэрыторыях. Новым этапам стала аб’яднанне двух падобных народных традыцый славян і латгалаў. Ліга, або Янаў дзень — латышскае народнае свята, звязанае з культам сонца і ўрадлівасці, аналаг Іванава дня, які святкуецца славянскімі народамі. Звычайна адзначаецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня. Дарэчы, 24 чэрвеня ў аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна каталікі таксама адзначаць свята Яна-Хрысціцеля ў адпаведнасці з даўнімі традыцыямі.

Крыніца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *