Адбылося свята вёсак Ліжэйкі і Паўсаты. Яно сабрала ўсіх жыхароў паселішчаў

Падзеі

На пачатку мерапрыемства старшыня Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ганна Мікалаеўна Жых павіншавала ўсіх прысутных са святам і пажадала прыемнага адпачынку.

Стараста вёскі Ніна Мікалаеўна Дзянішчык,а таксама Людміла Пятроўна Кардаш сустракалі гасцей духмяным караваем. Кожны жыхар вёсак Ліжэйкі і Паўсаты пастараўся ўнесці свой уклад у гэтае свята. Прыгожа аформілі пляцоўку, на якой разгортвалася дзея.

Доўгажыхары Алена Іванаўна Чарняўская, якой 91 год, і Дзмітрый Цімафеевіч Кардаш, якому 88 гадоў, былі адзначаны каштоўнымі падарункамі.

На свяце не пакінулі без увагі тых, хто ў гэтым годзе адзначае свой юбілей.

Былі названы імёны самых працавітых людзей, хто на працягу не аднаго дзесяцігоддзя араў зямлю, вырошчваў хлеб, памнажаў багацце зямлі.

Ганна Мікалаеўна Жых падзякавала ўсім, хто пастаянна клапоціцца аб належным стане сваіх домаўладанняў. Асабліва адзначыла сем’і, якія прызнаны лепшымі па добраўпарадкаванні прысядзібнай тэрыторыі і яе санітарным стане.

— З такіх прыгожых і акуратных дамоў і падворкаў ствараецца агульны вясковы малюнак, — зазначыла Ганна Мікалаеўна Жых.

Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны падзячныя лісты і падарункі.

На працягу ўсяго мерапрыемства святочны настрой стваралі шчырыя, вясёлыя і жартоўныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў, байкі, якія цікава расказвала Ніна Аляксандраўна Лашкоўская.

Са сцэны віталі прысутных дзеці — Мілана Падліпская, Яўгенія Анушкевіч, Карына Верамейка, Дарына Заваротная — удзельнікі дзіцячага гуртка сольных спеваў “Званочкі”,  жанчыны ансамбля  народнай песні “Суседачкі”, а таксама Іна Анушкевіч, якая дарыла вяскоўцам прыгожыя, душэўныя песні. Праграма была падрыхтавана аддзелам культуры і адпачынку “Данілавіцкі дом культуры”.

У падрыхтоўцы да свята вёсак прынялі  ўдзел ўсе — ад малога да старога, у тым ліку дзеці і ўнукі, якія прыехалі да бацькоў, дзядуляў і бабуляў. А гэта, без сумнення, сведчыць пра шчырую любоў вяскоўцаў да сваёй малой радзімы.

Т. БУЧА,

мастацкі кіраўнік Данілавіцкага дома культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *