Адметная падзея адбылася ў Мяляхавіцкім сельсавеце. Тут, у вёсцы Івязянка, 3 чэрвеня адзначылі сваё благадатнае вяселле Уладзімір Лукіч і Марыя Сямёнаўна Чурай.
Падзея, сапраўды, вельмі рэдкая, калі Бог пасылае сваю ласку і дае магчымасць сямейнай пары пражыць разам 70 гадоў. Сваім жыццём, працай, клопатам пра дзяцей шаноўныя юбіляры заслужылі такую благадаць, таму і вяселле называюць “благадатным” ці “ўдзячным”.
Марыі Сямёнаўне – 91 год, а Уладзіміру Лукічу – 98. Яны выгадавалі траіх дзяцей, прычакалі пяцёра ўнукаў і сямера праўнукаў.
Усё працоўнае жыццё Уладзіміра Лукіча прайшло на чыгунцы, у Баранавіцкім вагонным дэпо. У Марыі Сямёнаўны была незвычайная для жанчыны спецыяльнасць – муляр, працавала будаўніком у калгасе.
У далёкім 1947-ым пабраліся шлюбам і з таго часу разам на жыццёвай сцяжыне. З гэтай адметнай датай – 70-годдзем сумеснага жыцця – юбіляраў прыехалі павіншаваць не толькі сваякі, а і прадстаўнікі Мяляхавіцкага сельвыканкама, савета ветэранаў працы Баранавіцкага дэпо.
Уладзімір Лукіч і Марыя Сямёнаўна пачулі шмат прыемных пажаданняў. Старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама Вера Добыш сардэчна пажадала юбілярам здароўя, шчасця, яшчэ доўга-доўга крочыць светлай дарогай сямейнага жыцця, застаючыся добрым прыкладам для маладых сем’яў.
— Злучыўшы свае лёсы, вы ўзялі на сябе немалы цяжар сумесных клопатаў, трывог, надзеяў і радасцяў. Няпроста пранесці яго праз гады. Вам гэта ўдалося, вы не страцілі на жыццёвым шляху тое самае важнае і цудоўнае, што злучыла вас 70 гадоў таму, — зазначыла Вера Анатольеўна, уручаючы юбілярам віншавальны адрас і кветкі. – Вы пражылі годнае жыццё, выгадавалі цудоўных дзяцей і ўнукаў, падрастаюць і праўнукі. Ім несці далей вашу эстафету дабрыні, адказнасці, абавязку, любові, якая пераадольвае любыя цяжкасці.
Гэтыя пажаданні падтрымалі прадстаўнікі савета ветэранаў працы Баранавіцкага вагоннага дэпо Міраслава Кучко, Ларыса Кароза, Ірына Халупко, якія не забыліся пра юбілей свайго былога работніка, прывезлі ў святочны дзень кветкі, грашовы падарунак і, вядома ж, найлепшыя зычанні ад калегаў-чыгуначнікаў.
Свята атрымалася па-сямейнаму цёплае: з пажаданнямі, падарункамі, песнямі ад артыстаў Белагурнаўскага клуба. А надалей вялікай сям’і Чурай – прычакаць важкага юбілею гаспадара гасціннай хаты. Праз два гады Уладзіміру Лукічу – 100. Дай Бог яму і Марыі Сямёнаўне бадзёрасці і даўгалецця!
І . МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота прадастаўлена В. Добыш