Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава запрашае дзяцей правесці пазнавальныя, актыўныя, вясёлыя канікулы. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць цікавыя віктарыны і конкурсы, захапляльныя гульні, забаўляльныя і пазнавальныя праграмы, якія падораць новыя знаёмствы, сустрэчы, добры настрой. У рамках работы хобі-цэнтра «Вектар» на працягу лета будзе працаваць некалькі дзіцячых студый.
Так, у «Крэатыў-цэнтры» наведвальнікаў чакаюць бізнэс-гульні, асновы тайм-менеджменту (уменне кіраваць уласным часам). Тут можна атрымаць навыкі публічных выступленняў і акцёрскага майстэрства.
Работа студыі «Жанр» скіравана на навучанне відэаздымцы, мантажу, рэжысуры. Наведвальнікі на занятках даведаюцца пра ракурс, чаргаванне планаў, здымку ў дынаміцы, паспрабуюць распрацоўваць сцэнарыі, здымаць сюжэты, ацэньваць матэрыял, атрымаюць навыкі мантажу.
Студыя «IQ-ша» чакае дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Для іх будуць ладзіцца інтэлектуальныя і развіваючыя гульні. Акадэмія «Гарэзлівых мастацтваў» працуе для тых, хто жадае навучыцца маляваць, рабіць арыгамі, плесці з бісеру, ствараць вырабы з фоамірану. Заадно іх пазнаёмяць з асновамі мастацтва. Дарэчы, даведацца новае аб асноўных накірунках выяўленчага мастацтва, карцінах і мастаках, а таксама набыць неабходныя навыкі для стварэння ўласных «шэдэўраў» тут могуць не толькі дзеці, але і іх бацькі. Маляваць можна будзе нават на шпалерах. Простая папера ў вашых руках ператворыцца ў вялікія размаляваныя торты. А са старых пластыкавых бутэлек атрымаюцца касмічныя караблі. Навыкі стварэння арт-аб’ектаў сваімі рукамі абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.
Самых вясёлых і крэатыўных аматараў актыўнага адпачынку чакаюць у студыі «неВЕСОМЫЕ». Збіраем тут калектыў жадаючых падарыць нашаму гораду што-небудзь новае, незвычайнае і карыснае.
Акрамя таго, на летніх канікулах у аграгарадку Гезгалы будзе працаваць летняя вулічная пляцоўка «Рознакаляровае лета» (пакой па месцы жыхарства).
Т. ВАНІСЛАЎЧЫК,
дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава