Фэст у Жыровічах
Аграгарадок Жыровічы вядомы, дзякуючы іконе Божай Маці, названай “Жыровіцкая”. З году ў год 20 мая, у дзень з’яўлення іконы на грушы пастушкам, у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбываецца ўрачыстая літургія з удзелам Патрыяршага Экзарха мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. Яго візіт чакаюць многія праваслаўныя вернікі.
Боская літургія зазвычай пачынаецца пасля сустрэчы архірэя ля ўваходу ў Свята-Успенскі сабор. Пасля набажэнства праводзіцца ўрачысты хрэсны ход да старой крыніцы. На фестывальнай пляцоўцы духавенства служыць акафіст Божай Маці. Пасля гэтага для жыхароў аграгарадка і гасцей урачыстасці ладзіцца канцэртная праграма, якая доўжыцца да самага вечара. Пад адкрытым небам аматарскія і прафесійныя музычныя калектывы, сольныя выканаўцы і паэты радуюць сваёй творчасцю.
Заняткі і забавы знаходзяцца для кожнага. Акрамя творчай праграмы, на фестывальнай пляцоўцы праходзяць майстар-класы народных умельцаў, гульні, катанне на конях. Кожны можа набыць на памяць упадабаны выраб з дрэва, саломкі і гліны. Начныя вячоркі каля вогнішча з песнямі і размовамі запомняцца тым, хто жадае застацца сустрэць світанак. Сапраўды той, хто бывае ў Жыровічах 20 мая, вяртаецца сюды зноў і зноў. Свята ў гонар Жыровіцкай іконы Божай Маці аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту і нацыянальнасцяў.
Крыж устанавілі ў Русаках
14 мая ў вёсцы Русакі адбылася адметная падзея. Настаяцель храма святых благаверных князёў і пакутнікаў Барыса і Глеба вёскі Накрышкі іерэй Аляксей Сцяпановіч здзейсніў чын асвячэння Паклоннага крыжа.
Распяцце ўстанавілі на сродкі вернікаў. Звяртаючыся да прысутных, святар падзякаваў за клопаты ўсім, хто прымаў удзел ва ўзвядзенні і аздобе Святога Крыжа, а таксама прамовіў пропаведзь на тэму адкупленчай ахвяры Хрыста Збаўцы.
Устаноўка Паклоннага крыжа – даўняя набожная традыцыя. Ён засцерагае паселішчы ад розных бедаў і няшчасцяў. Таксама іх усталёўваюць у небяспечных месцах дарогі.
На ўроку гісторыі Навагрудскай епархіі
Гэты год багаты многімі памятнымі датамі. Адна з іх – 700-годдзе Навагрудскай епархіі.
У рамках святкавання гэтай даты настаяцель храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы гарадскога пасёлка Наваельня Дзятлаўскага благачыння протаіерэй Валерый Мануйла сустрэўся са старшакласнікамі Наваельнянскай сярэдняй школы і правёў гутарку на тэму “700 гадоў Навагрудскай епархіі – гэта многа ці мала?”. Навучэнцы 11 класа пазнаёміліся з асноўнымі момантамі, мінулым і сучаснасцю Навагрудскай епархіі, даведаліся аб святынях і святых нашай тэрытарыяльнай акругі.
Напрыканцы святар заклікаў моладзь жыць паводле запаветаў Божых, рэкамендаваў будаваць сваё жыццё, узяўшы прыклад з жыццяў мясцовашанаваных святых.
І. ЗІНЧАНКА