Сукенка з сакрэтам, або Нацыянальны касцюм на новы лад

Падзеі

Напэўна, не знойдзеш лепшай рэчы-візітоўкі для краіны, чым вопратка. Не кожны замежны госць дабярэцца да прыгожых мясцін, музеяў ці нават сувенірных лавак. А хіба ж ён не кіне вока на нашых модніц, апранутых у нешта асаблівае? Сэлфі з прыгажунямі ў вышыванках, якія б замежнікі выкладалі ў сацыяльнах сетках, былі б добрай рэкламай Беларусі. Тым больш што беларускі арнамент — асаблівая старажытная шыфроўка, пасланне. Раней майстрыхі пры дапамозе яго расказвалі пра свае мары і лёс, прасілі аб дабрабыце і каханні. Людзі нават верылі, што вытканыя сімвалы могуць засцерагаць ад нягод ці прыносіць шчасце. І чаму б такую «фішку», якая нічым не горшая за кітайскія іерогліфы, нам не выкарыстоўваць для сваёй ідэнтыфікацыі. Ды і спадніцы нашых прабабуль былі з сакрэтам: па ўзорах на іх людзі маглі адрозніваць, з якіх вёсак паходзяць уладальніцы. Не, мы не заклікаем усіх адразу ўлазіць у нацыянальныя строі. А вось паказаць, што беларускія касцюмы могуць быць цікавымі, моднымі, стыльнымі, усё ж паспрабуем.

Маладога дызайнера Надзею Кузняцову якраз нацыянальны касцюм натхніў на стварэнне новай калекцыі. Дзяўчына спрабуе прадставіць беларускае адзенне такім, якім бы яно выдатна ўпісвалася ў сучаснае жыццё.

— Беларуская вопратка сёння — гэта не гістарычная рэканструкцыя, а хутчэй інтэрпрэтацыя, пошук таго, як яна магла б выглядаць у нашы дні, — дзеліцца дызайнер. — Каб зацікавіць моладзь, я вырашыла выкарыстаць стылізацыю. Хачу паказаць, што такое адзенне можна насіць з сучаснымі сумкамі, хадзіць у ім на вучобу, нават спалучаць з кедамі. Крой сучасных строяў ад традыцыйнага розніцца разнастайнасцю формаў і канструктыўных ліній, рашэннем тэхнікі апрацоўкі швоў, пакроем рукава. Сукенкі і спадніцы я аздобіла кішэнямі.

Хачу паказаць беларускі касцюм у нетрадыцыйных для яго колерах, адысці ад стандартнага чырвона-белага. Так, у маёй калекцыі будуць карычневыя і малочныя таны. Некалькі камплектаў я рашыла паспрабаваць падаць у кантрасным спалучэнні аранжавага і блакітнага, гэта як сонца і неба. Так, прырода — крыніца майго натхнення. А зараз вясна, з ёй быццам і людзі абуджаюцца, хочацца чараваць, дзяліцца ідэямі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zviazda.by



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *