Стараста вёскі Ведравічы: жыві і прыгажэй, мая вёска!

Падзеі

Стараста вёскі. Гэта пасада, абавязак, прызначэнне, а, можа, заклік душы?

З 2003 года я з’яўляюся старастай вёскі Ведравічы Данілавіцкага сельскага савета. Мы з мужам, Іванам Іванавічам Вайцяхоўскім, пражылі тут амаль 40 гадоў, выгадавалі траіх дзяцей, усім далі адукацыю і адправілі ў самастойнае жыццё. Сёння наша вёска налічае 24 гаспадаркі, тут жывуць 40 чалавек, з якіх 12 — працаздольнага ўзросту, 24 — пенсіянеры і трое дзяцей.

Летам у Ведравічы ў бацькоўскія хаты на дачны сезон прыязджаюць дзеці былых гаспадароў. Яны даглядаюць пабудовы, карыстаюцца прысядзібнымі ўчасткамі, адпачываюць. Наогул, хаты, у якіх ёсць гаспадары, у нашай вёсцы прыгожыя і дагледжаныя. Аднак існуе праблема пустуючых дамоў, у якіх няма спадчыннікаў або спадчыннікі жывуць далёка, не маюць магчымасці прыехаць і дагледзець сваю маёмасць.

Як старасце вёскі і як чалавеку, які пражыў тут усё жыццё, мне хочацца, каб Ведравічы жылі і прыгажэлі. Таму я цесна супрацоўнічаю з адміністрацыяй Данілавіцкага сельвыканкама. Мне пашанцавала, бо мясцовая старшыня, Ганна Мікалаеўна Жых, — чалавек адказны. Яе хвалюе лёс кожнай вёскі сельсавета, кожнай сям’і, кожнага чалавека. Мы з Ганнай Мікалаеўнай абмяркоўваем шмат розных пытанняў. Праз мяне яна звяртаецца з просьбамі да жыхароў Ведравічаў, мы — у выканкам, і справы вырашаюцца. Ад імя жыхароў Ведравічаў дзякуюем нашай старшыні за ініцыятыўнасць і выкананыя работы па добраўпарадкаванні вёскі. Яны распачаліся яшчэ ў кастрычніку 2016 года. Адбыўся вясковы сход, і жыхары Ведравічаў папрасілі сельвыканкам спілаваць аварыйныя дрэвы, пачысціць вёску ад дзікарослага кустоўя. З лістапада 2016 па красавік 2017 года спілоўвалі дрэвы, карчавалі пні, зносілі фундаменты. ААТ «Граніт-Агра» выканаў работы па ліквідацыі будынка былога клуба і ўвёў расчышчаны ўчасткак у севаабарот.

Я аказвала дапамогу Данілавіцкаму сельвыканкаму ў пошуку спадчыннікаў дамоў, якія пустуюць. Прыемна, што сёлета ў вёсцы з’явілася яшчэ адно жылое падвор’е. Валянціна Антонаўна Мармыш з мужам пераехалі жыць у бацькоўскую хату, добраўпарадкавалі ўчасткак, вядуць гаспадарку.

З ініцыятывы старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганны Мікалаеўны Жых нядаўна была пасаджана Алея памяці каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. Гэта маладыя пладовыя дрэўцы.

Удзел у пасадцы саджанцаў прымалі самыя старэйшыя жыхары Ведравічаў — Сямён Іванавіч Бакей, Валянціна Уладзіміраўна Харошка, Марыя Фляр’янаўна Бортнік, Ганна Піліпаўна Кастусік (яна жыве побач і прапанавала дапамагаць паліваць саджанцы, каб хутчэй прыжыліся).

Нам, жыхарам Ведравічаў, вельмі прыемна было чуць словы падзякі ад людзей, якія прыязджалі на Радуніцу, бо вёска сапраўды змянілася, стала прыгажэйшай.

У сваю чаргу, мы вельмі ўдзячны за падтрымку, увагу да нашых праблем, за выкананую работу старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганне Мікалаеўне Жых. Дай Бог ёй здароўя і поспехаў, няхай на яе жыццёвым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі.

Т. ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
стараста вёскі Ведравічы
ад імя жыхароў паселішча



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *