Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Хвінявічы” – флагман у жывёлагадоўлі сярод сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Сваімі вытворчымі поспехамі гаспадарка абавязана вопытным, дасведчаным, адданым сваёй справе работнікам. Сярод іх – загадчык малочнатаварнага комплексу “Парэчча” Мікалай Слушко, фотаздымак и прозвішча якога сёлета занесены на раённую Дошку гонару.
Мікалай Генадзьевіч Слушко – ураджэнец Шчучынскага раёна, для якога Дзятлаўшчына стала другі домам. У раён яго прывяло асабістае шчасце: разам з жонкай Марыяй Сяргееўнай у 1985 годзе прыехаў па размеркаванні ў колішні саўгас “Парэчча”.
— З будучай жонкай мы вучыліся на адным курсе ў Гродзенскім дзяржаўным сельгасінстытуце па спецыяльнасці “заатэхнія”. У час вучобы пабраліся шлюбам. А калі прыйшоў час размеркавання, то мяне замест Валожынскага раёна разам з Марыяй Сяргееўнай адправілі на яе радзіму, адкуль яна атрымлівала мэтавае накіраванне на вучобу. Так і засталіся абодва ў гаспадарцы.
Па прыездзе ў гаспадарку маладой сям’і далі калгаснае жыллё, Мікалай Слушко заняў пасаду галоўнага заатэхніка, а праз месяц яго прызвалі ў войска на паўтара года. Ужо пасля вяртання са службы малады спецыяліст прадоўжыў працаваць у гаспадарцы.
Па словах Мікалая Генадзьевіча, уваходзіць у курс справаў пасля вучобы і значнага перапынку было не надта праблемна: гэтаму паспрыяў тагачасны старшыня гаспадаркі Вацлаў Браніслававіч Залеўскі.
— І я, і жонка з вялікай павагай сёння ўзгадваем гады працы пад кіраўніцтвам Вацлава Браніслававіча. Яшчэ ў тыя часы была прыказка: хто прайшоў школу Залеўскага, таму па сілах любая сельскагаспадарчая справа. Было часам складана, напружана, але ўсе мы атрымалі каласальны вопыт, які сёння можам перадаць наступным пакаленням жывёлаводаў.
За 32 гады працоўнага стажу сям’я Слушко ні разу не здрадзіла сваёй гаспадарцы. За гэтыя гады Мікалай Генадзьевіч працаваў тут старшым заатэхнікам, галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. Праўда, па словах мужчыны, ідэалагічная праца ў тыя часы істотна адрознівалася ад сучаснай: ідэолагі адказвалі і за ўраджайнасць на полі, і за прывагі маладняку на ферме, і за працу калектыву.
Тры гады таму, у 2014 годзе, калі адкрываўся новы, з сучаснымі тэхналогіямі, малочнатаварны комплекс “Парэчча” на 777 галоў дойнага статку, Мікалай слушко стаў галоўным прэтэндэнтам на пасаду яго загадчыка. Была нерашучасць (ведама ж, усё камп’ютарызавана, усё па сучасных тэхналогіях!), але страхі адышлі ў працэсе работы. Начальнік комплексу і сёння яскрава помніць першы працоўны дзень.
— Першая дойка на новым малочнатаварным комплексе “Парэчча” адбылася на стары Новы год, 13 студзеня. Прысутнічалі і сачылі за працэсам не толькі адказныя работнікі нашай гаспадаркі, але і раённае кіраўніцтва.
Сёння малочнатаварны комплекс “Парэчча” – у лідарах па надоях у раёне. Выручка, якую дае гэты ўчастак работ, складае львіную долю ад даходаў гаспадаркі “Хвінявічы” (да 70% выручкі жывёлагадоўлі), 91% малака ідзе гатункам “экстра”. Усё тут па-новаму, па сучасных тэхналогіях: з механізаваных працэсаў засталася толькі раздача кармоў, астатняе – праз камп’ютар. Затое і якасць малака на комплексе могуць кантраляваць па ўсіх паказчыках: ад моманту даення і да адпраўкі заказчыку. На базе комплексу рэгулярна праходзяць абласныя і рэспубліканскія семінары-вучоба, навукова-практычныя канферэнцыі.
На комплексе “Парэчча” працуюць 32 чалавекі, дружная каманда, якой па сілах любыя задачы. Па словах Мікалая Слушко, прыходзяць у гаспадарку працаваць і маладыя талковыя кадры, так што ёсць спадзяванне, што каштоўны працоўны вопыт будзе каму пераймаць.
Больш за тры дзясяткі гадоў Мікалай Генадзьевіч і Марыя Сяргееўна Слушко працуюць разам у гаспадарцы “Хвінявічы”. Ён – загадчыкам комплексу, яна – галоўным заатэхнікам. Вопытныя працаўнікі сельскай гаспадаркі прызнаюцца, што за такі значны час сумеснай працы і рознагалоссі, вядома здараліся. Але ўсе яны хутка вырашаліся ў канструктыўнай спрэчцы на карысць ісціны. Мікалай Слушко прызнаецца, што мары стаць жывёлаводам у маладосці не меў, марыў быць прафесійным спартсменам, але жыццё разважыла па-іншаму, і сёння ён, як і яго жонка, не ўяўляе сваё жыццё без сельскай гаспадаркі.
— Працуем, стараемся, і працаваць хочацца, быццам трыццаць гадоў і не было. За гэта вялікі дзякуй не толькі ад мяне, а і ад усяго калектыву варта сказаць дырэктару прадпрыемства Мікалаю Анатольевічу Бубноўскаму. Ён цэніць кожнага работніка гаспадаркі, падтрымлівае, спрыяе плённай працы, нарэшце, перажывае за ўсё, як за сваё ўласнае.
Калі казаць пра малавядомыя старонкі біяграфіі сённяшняга кіраўніка комплексу “Парэчча”, нельга абысці ўвагай яго выдатную спартыўную кар’еру. Яшчэ ў студэнцкія гады Мікалай Слушко разам са сваёй камандай неаднаразова станавіўся чэмпіёнам Беларусі па хакеі з мячом, быў удзельнікам чэмпіянату СССР. Фотаздымак спартсмена каля дваццаці гадоў знаходзіўся на Дошцы гонару Гродзенскага сельгасінстытута. Яшчэ нават пасля размеркавання ён ен ездзіў на спаборніцтвы па гэтым відзе спорту. Але хутка сельскагаспадарчыя справы не пакінулі месца дляспартыўнай кар’еры.
Сёння гонарам для Мікалая Генадзьевіча стаў старэйшы ўнук, які з малых гадоў займаецца ў школе алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай. Ён ужо не раз паспяхова ўдзельнічаў у міжнародных турнірах. Дзядуля з’яўляецца галоўным балельшчыкам юнага спартсмена і пры любой зручнай магчымасці стараецца наведаць яго матчы. А калі надыходзяць школьныя канікулы, любімыя ўнукі – частыя госці ў бабулі з дзядулем у Хвінявічах.
Свайго калегу па працы ахарактарызаваў намеснік дырэктара КСУП “Хвінявічы” Іван Ступчык:
— Каб зразумець, які працаўнік Мікалай Слушко, варта наведаць падначальны яму ўчастак работы. Калі не зойдзеш на комплекс “Парэчча”, тут заўсёды чысціня і парадак. Чалавек працуе скрупулёзна, да кожнага работніка мае індывідуальны, людскі падыход. Ён заўсёды пацікавіцца, як у чалавека справы, як здароўе, калі трэба, не адмовіць у дапамозе. Мікалай Генадзьевіч – высокакваліфікаваны спецыяліст. За больш чым 30 гадоў працы ў гаспадарцы ён ведае справу да драбніцаў. На якім месцы ні працаваў – заўсёды паспяхова. Ён – сапраўдны гаспадар на давераным яму ўчастку, што пацвярджаюць заўсёды станоўчыя паказчыкі работы комплексу.
Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК