Раённы фестываль фальклору «Вянок творчасці народнай» на Дзятлаўшчыне

Падзеі

21 мая на летняй танцавальнай пляцоўцы Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці прайшоў раённы фестываль фальклору “Вянок творчасці народнай”, які сабраў творчыя калектывы і выканаўцаў з усяго раёна.

Праграма фестывалю пачалася з прэм’еры: работнікі культуры раёна падрыхтавалі масавы народны танец. Затым вядучыя праграмы Часлаў Свіб і Людміла Баклушына прадставілі конкурсную камісію сёлетняга фестывалю. У яе склад увайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Шыцько, загадчыца аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Таццяна Янушкевіч, метадыст аддзела метадычнай работы Таццяна Дудкіна.

Першымі на фестывальную сцэну выйшлі прадстаўніцы Жукоўшчынскага дома культуры — народны фальклорны гурт вёскі Погіры. Жанчыны выканалі народныя песні і жарты сваёй мясцовасці.

Хвінявіцкі дом культуры дэлегаваў на фестываль гурток сцэнічнага майстэрства “Ліхтарык” і іх старэйшых калегаў па сцэне — фальклорны гурт “Сузор’е”.

Данілавіцкі рэгіён прадставіў шматлікі і яркі мясцовы фальклорны гурт “Суседачкі”, які парадаваў гледачоў песнямі і байкамі.

Аўтэнтычныя песні Дзятлаўшчыны прагучалі ў выкананні народных фальклорных гуртоў вёсак Ахонава і Студзераўшчына.

Ад Наваельнянскага дома культуры на летняй сцэне выступілі фальклорны гурт, юныя салісткі вакальнага і гутарковага жанру.

Казлоўшчынскі фальклор прадставілі дзіцячыя калектывы і выканаўцы. Юныя артысты чыталі казку, танчылі “Кадрылю” і гулялі ў народную гульню “Явар”.

Ксенія Лагута з Дварэцкага дома культуры артыстычна прачытала байку Кандрата Крапівы “Ехаў дзедка на кірмаш”. Ігар Крывулька з Вензаўца пазнаёміў прысутных з прыгожай легендай пра вензавецкую царкву, а дзяўчаты з фальклорнага трыа Вензавецкага дома культуры выканалі народную песню “Ой, там пад ганкам”.

Пакуль кампетэнтная камісія раілася, народны тэатр гульні “Прымакі” па-за конкурсам зладзіў міні-канцэрт для гасцей фестывалю.

Па выніках конкурснай праграмы журы вызначыла лепшых выканаўцаў і калектывы.

У намінацыі “Аўтэнтычны фальклорны гурт” першае месца атрымаў народны фальклорны гурт вёскі Студзераўшчына, другое — народны фальклорны гурт вёскі Погіры, трэцяе —  народны фальклорны гурт вёскі Ахонава.

У намінацыі “Дзіцячы фальклорны гурток” пераможцам стаў Казлоўшчынскі фальклорны гурток. Лепшым дарослым фальклорным ансамблем стаў фальклорны гурт “Суседачкі” з Данілавічаў.

У намінацыі “Індывідуальныя выканаўцы народнай прозы” прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Ніна Лашкоўская (Данілавічы), другое — Ксенія Лішык (Казлоўшчына), трэцяе — Ігар Крывулька (Вензавец) і Арына Кузьміч (Наваельня).

Лепшай сольнай выканаўцай песеннага фальклору журы прызнала Зінаіду Стэльмах з Ахонава.

Н. АВЯРЧУК

Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *