Набліжаецца час збору ягад, грыбоў, арэхаў, іншых дароў лесу. Многія з нас любяць гуляць па лесе, дыхаць свежым паветрам і адначасова займацца збіральніцтвам. Аднак не ўсе ведаюць, як гэты працэс урэгуляваны заканадаўствам. Паспрабуем растлумачыць.
Згодна з артыкулам 85 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, збор дзікарослых ягад і грыбоў вядзецца на любых участках ляснога фонду, за выключэннем тых, на якіх, адпаведна заканадаўству, іх збор забаронены.
Збор дзікарослых ягад павінен ажыццяўляцца спосабамі, якія не наносяць шкоду ягаднікам і не прыводзяць да іх знішчэння, і прыстасаваннямі, якія адпавядаюць абавязковым патрабаванням заканадаўства.
Забаронена таксама разграбаць лясную падсцілку ў час збору грыбоў.
Згодна з артыкулам 86 Ляснога кодэкса, забараняецца збор дзікарослых пладоў, арэхаў шляхам высечкі драўнінна-хмызняковай расліннасці, іншымі спосабамі, якія наносяць шкоду дрэвам і кустам, на якіх растуць гэтыя арэхі і плады.
У пункце 11 артыкула 19 Ляснога кодэкса зазначана, што інфармацыя аб месцазнаходжанні прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясоў, рэжыме іх аховы і выкарыстання даводзіцца да ўсеагульнага ведама юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку, шляхам яе размяшчэння на афіцыйных сайтах у Інтэрнэце, у сродках масавай інфармацыі, праз устаноўку інфармацыйных знакаў ці іншымі грамадска даступнымі спосабамі.
Такім чынам, збіраць грыбы, ягады, арэхі можна практычна ў любым лесе Рэспублікі Беларусь. Аднак неабходна звяртаць увагу на інфармацыю, у якой указваюцца месцы, дзе ўстаноўлена забарона на такі збор. Таксама трэба памятаць, што нельга выкарыстоўваць забароненыя метады і прыстасаванні для збору.
А. СІМАНЧЫК,
адвакат юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна