Несанкцыянаваныя звалкі

Падзеі

У сакавіку 2017 года пракуратура Дзятлаўскага раёна правяла маніторынг выканання суб’ектамі гаспадарання Дзятлаўшчыны заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, экалагічнай бяспецы, ахове навакольнага асяроддзя і парадку прыродакарыстання.

Ахова навакольнага асяроддзя з’яўляецца абавязковай умовай захавання экалагічнай бяспекі, устойлівага эканамічнага і сацыяльнага развіцця грамадства, а строгае выкананне прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства дазваляе бяспечна і рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. У той жа час паводле артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 года №1982-ХІІ «Аб ахове навакольнага асяроддзя», адным з асноўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне з’яўляецца забеспячэнне права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Згодна з патрабаваннямі артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі», юрыдычныя асобы абавязаны забяспечыць абясшкоджванне і (або) выкарыстанне адходаў ці іх перавоз на аб’екты абясшкоджвання або аб’екты выкарыстання, ці захаванне адходаў у санкцыянаваных месцах.

Аднак, як сведчаць вынікі маніторынгу, некаторымі суб’ектамі гаспадарання нашага раёна гэтыя патрабаванні не выконваюцца.

Так, пры аглядзе сельскагаспадарчых зямель у ваколіцах аграгарадка Раклевічы (знаходзяцца ў карыстанні КСУП «Русь-Агра») устаноўлена масавая несанкцыянаваная звалка бытавога і будаўнічага смецця. Яшчэ адзін падобны сметнік знаходзіцца на землях гэтай жа гаспадаркі, але ўжо каля тэрыторыі для захоўвання металалому ў вёсцы Галаўлі.

Пры аглядзе ляснога масіву (замацаваны за ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас») паблізу вёскі Змяёўцы, у накірунку грунтавой дарогі да дачнага кааператыву, работнікі пракуратуры зноў выявілі несанкцыянаваную звалку бытавога і будаўнічага смецця.

Накіраваліся на рэкультываваныя кар’еры паблізу вёсак Змяёўцы і Алёхнавічы (былыя месцы захавання адходаў) і ўпэўніліся, што сюды па-ранейшаму прадаўжаюць вывозіць бытавое смецце і адходы.

Пералічаныя парушэнні сталі магчымымі з-за таго, што кіраўніцтва суб’ектаў гаспадарання раёна лічыць другараднымі пытанні экалагічнай бяспекі. У той жа час парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя.

Пракуратурай Дзятлаўскага раёна вынесена прадстаўленне. Парушальнікі павінны прыняць меры для ўхілення парушэнняў заканадаўства і недапушчэння ў будучым прычынаў і ўмоваў, якія ім паспрыялі.

Прапанавана таксама на месцах несанкцыянаваных звалак і сметнікаў размяшчаць таблічкі з тлумачэннем адказнасці за незаконныя дзеянні па абыходжанні з адходамі.

А. ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Фота прадастаўлена пракуратурай Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *