MILEX садзейнічае ўмацаванню міжнароднага аўтарытэту Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на цырымоніі адкрыцця 8-й Міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка ўрада, за гады паспяховай работы форум па праву заслужыў высокі аўтарытэт у прафесійным асяроддзі, стаў важным звяном сістэмы міжнароднага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Мерапрыемства заўсёды вызначае высокі ўзровень арганізацыі, паспяховасць і няўхільны рост цікавасці з боку замежных дзяржаў.
У гэтым годзе ў рабоце MILEX прымаюць удзел замежныя дэлегацыі высокага ўзроўню, эксперты і спецыялісты ў галіне ўзбраення, прадстаўнікі навуковых колаў больш як 30 дзяржаў. Самыя прадстаўнічыя — з Расіі і Кітая. Упершыню ў форуме ўдзельнічаюць кампаніі з Германіі, Славакіі і Польшчы. «Мы пастараемся стварыць для нашых традыцыйных і патэнцыяльных партнёраў самыя спрыяльныя ўмовы для дэталёвага азнаямлення з магчымасцямі Беларусі ў сферы высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння», — сказаў Андрэй Кабякоў.
Сёння айчынны абаронна-прамысловы комплекс, у якім працуюць вопытныя інжынеры і высокакваліфікаваныя спецыялісты, стварае сучасныя і ў многім унікальныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. «Беларусь дэманструе найноўшы мабільны браніраваны транспартны сродак «Кайман». Сярод перспектыўных узораў прадукцыі — мадэрнізаваная баявая машына са складу зенітна-ракетнага комплексу «Аса». Лічу, што міжнародны характар форуму створыць для яго ўдзельнікаў і гасцей унікальныя магчымасці для вывучэння рынку ўзбраення», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што MILEX-2017 унясе значны ўклад у далейшае развіццё ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, паслужыць умацаванню дзелавых сувязей і будзе садзейнічаць умацаванню міжнароднага аўтарытэту Беларусі. Яго фармат дае магчымасць адкрыць новыя перспектывы для нарошчвання інтэграцыйных сувязей, стварае для яго ўдзельнікаў і гасцей унікальныя магчымасці для вывучэння рынку ўзбраення, падкрэсліў кіраўнік урада.
Міжнародная выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017 адкрылася 20 мая ў Мінску. У ёй прымуць удзел амаль 140 экспанентаў з Беларусі, Германіі, Кітая, Казахстана, Расіі, Славакіі і Украіны. Больш за 350 узораў узбраення і ваеннай тэхнікі прадставяць 11 расійскіх прадпрыемстваў абаронна-прамысловага комплексу.
Другі раз свае магчымасці ў Мінску прадэманструюць вытворцы з Кітая. Для прадпрыемстваў айчыннага абароннага сектара платформа MILEX — зручная пляцоўка для рэалізацыі перспектыўных праектаў, выхаду на новы тэхналагічны ўзровень. Экспанаваць прадукцыю будуць амаль 80 беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. Навукова-тэхнічныя распрацоўкі прадставяць арганізацыі і навучальныя ўстановы Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, МНС, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.