Мемарыял «Памяць у імя жывых» створаны ў БДУ

Падзеі

Ён уяўляе сабой электронны рэсурс, які змяшчае спісы загінуўшых у 1941—1945-х гадах супрацоўніках і студэнтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Такі фармат абраны не выпадкова. Усяго каля 2000 выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ сталі ўдзельнікамі тых крывавых падзей. Мяркуецца, што загінулі з іх звыш трохсот чалавек. Сёння вядома толькі пра 79 герояў, чые імёны ўжо занесены ў мемарыяльную базу. З ліку студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — дванаццаці прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Вялікая даследчая праца па пошуку інфармацыі пра іншых загінуўшых працягваецца. Электронны рэсурс дазволіць уносіць новыя імёны ў мемарыял па меры з’яўлення актуальных звестак.

Крыніцамі для фарміравання спісу сталі матэрыялы архіва БДУ, Нацыянальнага архіва Беларусі, абагульненага камп’ютарнага банка даных Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі “Мемарыял”, інфармацыйна-даведачная літаратура па гісторыі БДУ.

Навігацыя рэсурсу прадугледжвае размяшчэнне прозвішчаў у алфавітным парадку. Кожнаму з герояў адводзіцца асобная старонка, дзе ўказваюцца дата і месца нараджэння, дата і прычына смерці, а пры наяўнасці звестак фіксуецца і вайсковае званне ў ваенны час.

Дарэчы, з 79 устаноўленых герояў, прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага склада — 21. Ёсць сярод іх і вядомыя навукоўцы, напрыклад, прафесар БДУ, акадэмік Акадэміі навук  БССР Сямён Якаўлевіч Вольфсан, які прапаў без вестак у час эвакуацыі. Таксама ў спісе загінуўшых значыцца выпускнік БДУ, Герой Савецкага Саюза, гвардыі капітан, камандзір батальёна 41-й гвардзейскай танкавай брыгады Міхаіл Паўлавіч Катлавец. Ён загінуў у баі ў кастрычніку 1944 года.

Над напаўненнем і зместам мемарыяла працуюць выкладчыкі і супрацоўнікі гістарычнага факультэта.

— Дрэнная захаванасць дакументаў перадваеннага і ваеннага часу, недакладнасці ў дакументах, што захаваліся, значна запавольваюць работу па аднаўленні звестак пра нашых суайчыннікаў, — адзначае намеснік дэкана па навуковай рабоце гістарычнага факультэта Алег МАЛЮГІН. — У той жа час, у ходзе працы з архіўнымі дакументамі і матэрыяламі базы «Мемарыял» атрымліваецца знайсці шэраг новых фактаў. Дадзеная сістэма з’яўляецца адкрытай. Мы спадзяемся, што нейкая частка дакументаў, якія нас цікавяць, і  звестак пра супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ захоўваецца ў іх сваякоў, знаёмых, калег. Прадастаўленне нам гэтых матэрыялаў значна дапамагло б у рабоце па вяртанні з нябыту забытых імёнаў. Толькі разам мы змаглі б захаваць і перадаць пакаленням памяць пра нашых герояў ..

У першыя дні вайны каля 450 студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта добраахвотна пайшлі на фронт. Эвакуіравацца з Мінска паспелі толькі 620 чалавек. А большасць выкладчыкаў і студэнтаў, што засталіся ў горадзе, сталі актыўнымі ўдзельнікамі падпольнага і партызанскага руху.

Надзея НІКАЛАЕВА

“Звязда”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *